Беларуска заняла першае месца на міжнародным ваенным конкурсе ў Маскве

30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшы механік-тэлефаніст роты сувязі 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады (Віцебск) ефрэйтар Алена Сільчонак заняла першае месца ў эстафеце сярод жанчын на II Міжнародным конкурсе ваенна-прафесійнага майстэрства "Сусветны хлопец-2010", які завяршаецца сёння ў Маскве. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Мінабароны Беларусі. У конкурсе прымаюць удзел салдаты, маракі, сяржанты і старшыны, якія праходзяць ваенную службу па кантракце ў краінах СНД. Як адзначылі ў Мінабароны Беларусі, конкурс праводзіцца для павышэння аўтарытэту ваеннай службы, падтрымання традыцый і развіцця ваеннага супрацоўніцтва армій дружалюбных дзяржаў. Выпрабаванні праводзяцца на базе навучальнага цэнтра Заходняй ваеннай акругі "Алабіна", у Цэнтральным музеі і Культурным цэнтры Узброеных Сіл Расіі. Беларусь на конкурсе прадстаўляюць ваеннаслужачыя, якія праходзяць службу па кантракце ў злучэннях і воінскіх часцях Сухапутных войскаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл. Спаборніцтвы праводзіліся не толькі па прадметах баявой падрыхтоўкі, але і на веданне ваеннай гісторыі, героя-патрыятычных традыцый армій СНД. Былі таксама літаратурна-мастацкі, танцавальны конкурсы, а для жанчын - яшчэ і ваенна-медыцынскі. Сёння ў расійскай сталіцы адбудзецца цырымонія закрыцця і ўручэнне ўзнагарод пераможцам конкурсу з удзелам кіраўніцтва Мінабароны Расіі, ветэранаў і прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, вядомых спартсменаў.-0-