Беларуская асацыяцыя кардыётаракальных хірургаў будзе заснавана на канферэнцыі ў Віцебску
16 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Беларускую асацыяцыю кардыётаракльных хірургаў плануецца ўтварыць на першай рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю кардыяхірургіі Беларусі, якая пройдзе ў Віцебску 17-18 снежня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык кардыяхірургічным аддзяленнем Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Зянькоў.
Навуковы форум збярэ ў абласным цэнтры вядучых спецыялістаў па кардыяхірургіі і таракальнай хірургіі з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама прадстаўнікоў спецыялізаваных лячэбных і навуковых устаноў Расіі, Германіі і Літвы. На канферэнцыі будуць арганізаваны відэапрэзентацыі правядзення аперацый пры анеўрызме грудной аорты, пры клапаннай паталогіі сэрца і па рэваскулярызацыі міякарда ў выкананні вядомых замежных і айчынных хірургаў. Аперацыі пройдуць на базе абласной клінічнай бальніцы.
Акрамя таго, удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць найважнейшыя праблемы ў галіне захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, пазнаёмяцца і абмяняюцца вопытам укаранення найноўшых распрацовак у галіне кардыяхірургіі і таракальнай хірургіі. Спецыялісты правядуць аналіз сучасных аспектаў хірургічнага лячэння ішэмічнай хваробы сэрца, анеўрызмаў грудной аорты, тахіарытмій, а таксама прадставяць вынікі даследаванняў у галіне кардыяхірургіі і таракальнай хірургіі, транспланталогіі і біяпратэзавання.
У ходзе работы форуму будзе праведзена ўстаноўчая канферэнцыя Беларускай асацыяцыі кардыётаракльных хірургаў. На думку Аляксандра Зянькова, стварэнне такой грамадскай арганізацыі дазволіць надаць новы імпульс развіццю айчыннай кардыяхірургіі і таракальнай хірургіі, актывізаваць прасоўванне сучасных хірургічных методык і тэхналогій лячэння хворых у айчынную практыку, а таксама іх укараненне ў рэгіянальных лячэбных установах.
Арганізатарамі навукова-практычнай канферэнцыі выступаюць Віцебская абласная клінічная бальніца, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт пры падтрымцы РНПЦ "Кардыялогія".-0-