Беларуская Атлантыда. Каля 450 артэфактаў выявілі археолагі на Крывінскім тарфяніку ў Віцебскай вобласці

Белорусская Атлантида. Около 450 артефактов обнаружили археологи на Кривинском торфянике в Витебской области

Сярод найбуйнейшых археалагічных знаходак гэтага года — артэфакты, здабытыя вучонымі на тэрыторыі нашай вобласці.

Даследаванні Крывінскага тарфяніка, размешчанага на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў і які з'яўляецца адным з найбольш унікальных комплексаў неаліту (бронзавага веку) у Беларусі і Усходняй Еўропе, пачаліся яшчэ ў 1934 годзе. Тут выяўлена 10 стаянак старажытнага чалавека. І толькі на стаянцы Асавец з таго моманту знойдзена каля 450 вырабаў з косці, рога: наканечнікі стрэл, дзіды, шылы, праколкі, гарпуны, сякеры, кінжалы і многае іншае, надзвычай неабходнае нашым далёкім продкам, якія да таго ж не цураліся мастацтва. Яны пакінулі нашчадкам выразаныя на косці выявы барадатага мужчыны, а таксама жаночы твар, які атрымаў назву «Асавецкая мадонна».

Штогод у ліпені-жнівеньні тут працуе археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Сёлетнім летам яе ўдзельнікі дайшлі да мацерыка — месца, дзе пачынаецца культурны пласт, здабылі шмат керамікі, фрагменты бурштынавых упрыгожанняў, драўляныя калышкі і іншыя артэфакты.

— Было вельмі цікава працаваць тады, — падзяліўся галоўны захавальнік фондаў Бешанковіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Станіслаў Лявоненка, які пастаянна выязджае з археолагамі. — І не менш цікава назіраць за працягам Асавецкай археалагічнай экспедыцыі ўжо ў верасні, у водным, а дакладней, у падводным рэжыме. З дапамогай мінскіх дайвераў вучоныя вывучалі магчымасць правядзення раскопак затопленага паселішча старажытных людзей на забалочаным дне ракі Крывінкі, якое ўжо называюць хто — паўночнай, хто — беларускай Атлантыдай. Вынікі экспедыцыі зараз апісваюцца, вывучаюцца, знаходкі з часам зоймуць сваё месца ў Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску. Але і мясцоваму музею вучоныя перадаюць частку іх. Так, напрыклад, у нас ужо сабралася значная калекцыя керамікі і іншых артэфактаў неаліту, якая дазваляе наведвальнікам акунуцца ў глыб вякоў і лепш зразумець, як жылі нашы далёкія продкі.

Ларыса Волкава, «Віцьбічы».