Беларускія біятланісткі, сярод якіх ураджэнка Сенна Ірына Крыўко, перамаглі ў эстафеце на Алімпіядзе-2018
Віншаванне Мікалая Шарснёва і Уладзіміра Церанцьева членам нацыянальнай зборнай каманды па біятлоне і маці Алімпійскай чэмпіёнкі, ураджэнкі Сенна Ірыны Крыўко >>
Пачыналася гонка ў складаных умовах надвор'я: ішоў снег, а вецер узмацняўся. Стартуючая ад беларускай зборнай Надзея Скардзіна першую стральбу адпрацавала без промахаў, а на другой скарысталася двума дадатковымі патронамі. На фінішы першага этапу беларускі адставалі ад лідараў на 46,2 сек. і былі дзясятымі. Далей у барацьбу ўключылася Ірына Крыўко. Пры двух заходах на стрэльбішча ёй спатрэбіўся ўсяго адзін дадатковы патрон. У ходзе па дыстанцыі Ірына таксама не адчувала вялікіх праблем і здолела вывесці каманду ў пяцёрку наймацнейшых. На фінішы беларуская дружына саступала лідару 20,8 сек.
Алімпійскі дэбют у эстафеце цалкам удаўся Дзінары Алімбекавай. Не звяртаючы ўвагі на надвор'е і супраціўленне імянітых канкурэнтак, Дзінара пісьменна размяркоўвала сілы па дыстанцыі. Пры стральбе ёй сумарна спатрэбілася тры дадатковыя патроны. Яна не зарабіла штрафных кругоў і з апошняга рубяжа на сваім этапе Алімбекава сыходзіла першай, але перадала эстафету чацвёртай (+17,1 сек). Лідар беларускай зборнай Дар'я Домрачава неўзабаве захапіла лідарства. Каб закрыць усе мішэні на першай стральбе, ёй хапіла асноўнай абоймы. А вось на "стойцы" Дар'я прымусіла нямала папакутаваць заўзятараў. Тры стрэлы спартсменкі не дасягнулі мэты. Але дадатковыя патроны дазволілі выправіць сітуацыю. На выхадзе з агнявога рубяжа Домрачава захоўвала лідарства. Да фінішу ніхто з саперніц яе не дагнаў.
Пераможны час беларускіх біятланістак - 1 г 12 мін. 03,4 сек. (без штрафных кругоў, 9 дадатковых патронаў). Да таго ж Дар'я Домрачава прадэманстравала лепшы ход па дыстанцыі на сваім этапе.
Другое месца ў жаночай эстафеце занялі шведкі Лін Персан, Мона Брорсан, Ганна Магнусан і Ганна Эберг (+10,7 сек.; без промахаў, 12 дадатковых патронаў).
Трэцімі фінішавалі францужанкі Анаіс Шэвалье, Мары Дарэн-Абер, Жусцін Брэзаз, Анаіс Бескон (+17,6 сек.; 0+14).