Беларускія дэпутаты правядуць семінар на тэму аховы жывёльнага і расліннага свету
30 верасня, Мінск /Наталля Ільічова - БЕЛТА/. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу правядзе семінар на тэму прымянення заканадаўства па пытаннях аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага і расліннага свету. Мерапрыемства пройдзе сёння ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў парламенцкай прэс-службе.
У ходзе мерапрыемства дэпутаты азнаёмяцца з працай Бярэзінскага біясфернага запаведніка, Бегамльскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, а таксама з выставай канфіскаваных узораў прылад браканьерства для здабычы дзікіх жывёл і прылад процідзеяння, якія прымяняюцца браканьерамі ў дачыненні да прыродаахоўных рэйдавых груп. Акрамя таго, плануецца знаёмства з паляўніча-рыбалоўнай базай "Камайск", з арганізацыяй вальернага развядзення паляўнічых жывёл.
Падчас пленарнага пасяджэння ўдзельнікі семінара абмяркуюць ход рэалізацыі Рэспубліканскай праграмы развіцця рыбнай гаспадаркі на 2006-2010 гады, асноўныя задачы і функцыі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, праблемы правапрымяняльнай практыкі і шляхі іх вырашэння, перспектывы дзеяння Дзяржпраграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі на 2006-2010 гады.
Чакаецца, што ў семінары прымуць удзел спікер ніжняй палаты беларускага парламента Уладзімір Андрэйчанка, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства лясной гаспадаркі, Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. -0-