Беларускія і паўднёвакарэйскія навукоўцы будуць працаваць над атрыманнем матэрыялаў з палепшанымі ўласцівасцямі

21 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Інстытут тэхнічнай акустыкі (ІТА) НАН Беларусі і Карэйскі навукова-даследчы інстытут атамнай энергіі (KAERI) плануюць развіваць навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ў галіне вывучэння і атрымання матэрыялаў з палепшанымі характарыстыкамі трываласці і пластычнасці. Такія дамоўленасці дасягнуты па выніках візіту дэлегацыі ІТА ў Паўднёвую Карэю на пачатку снежня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ІТА НАН Беларусі. Візіт віцебскай дэлегацыі быў арганізаваны пры рэалізацыі пратакола аб намерах, падпісанага ІТА і KAERI па выніках Дзён навукі і тэхналогій Беларусі ў Рэспубліцы Карэя ў 2008 годзе. Беларускія і карэйскія вучоныя абмяняліся інфармацыяй аб выніках навуковых работ у галіне матэрыялазнаўства, дасягнутых даследчымі цэнтрамі, абмеркавалі перспектыўны план правядзення сумесных даследаванняў і распрацовак у сферах, што ўяўляюць узаемную цікавасць. Падчас арганізаванага для беларускіх спецыялістаў семінара адбылося знаёмства з навуковымі распрацоўкамі карэйскіх калег і абсталяваннем для даследавання фізічных уласцівасцей матэрыялаў, тэхналогіямі нанясення ахоўных зносаўстойлівых пакрыццяў газаполымяным, газадынамічным, шчотачным метадамі, тэхналогіяй атрымання механаактываваных парашкоў. У цэнтры ўвагі віцебскіх вучоных былі таксама пытанні арганізацыі падрыхтоўкі навуковых кадраў на базе партнёрскіх структур Паўднёвай Карэі. Акрамя таго, адбыліся перамовы з вядучымі спецыялістамі па тэхналогіі механаактывацыі Карэйскага навукова-даследчага інстытута атамнай энергіі, па выніках якіх дасягнута дамоўленасць аб выкананні сумеснага праекта ў галіне нанясення пакрыццяў. Акрамя таго, перспектыўнымі напрамкамі супрацоўніцтва з'яўляюцца сумесныя даследаванні па тэхналогіях атрымання новых матэрыялаў з эфектам памяці формы, а таксама злучэння разнародных металаў з дапамогай зваркі выбухам і атрымання новых пакрыццяў на іх аснове. ІТА НАН Беларусі на працягу апошніх дзесяці гадоў працуе ў гэтым напрамку, распрацоўвае парашковыя кампазіцыі, у тым ліку і для стварэння пакрыццяў метадам газадынамічнага напылення. Распрацоўкі інстытута знаходзяць прымяненне ў тэхналогіях аднаўлення страчаных аб'ёмаў дэталей і канструкцый, пры гэтым паспяхова ўкаранёны на некаторых авіярамонтных і станкабудаўнічых прадпрыемствах Беларусі і Расіі.-0-