Беларускія і латвійскія дзеці малююць у Глыбокім сумесны мультфільм
16 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дзеці з латвійскага горада Лудзы і беларускага райцэнтра Глыбокае малююць сумесны анімацыйны фільм, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Рыма Муравей.
У праекце ўдзельнічаюць па 10 юных мастакоў. Хлопцы вырашылі стварыць мультфільм, які распавядаў бы пра фальклорныя традыцыі беларускага і латышскага народаў. На працягу некалькіх месяцаў будучыя мультыплікатары вывучалі абрады і звычаі сваіх суседзяў: глыбачане былі ў гасцях у Лудзе, а латышы - у Глыбокім. Па словах Рымы Муравей, сцэнарый мульціка хлопцы ўжо прыдумалі - ён будзе прысвечаны падарожжу Несцеркі, аднак усіх паваротаў сюжэта, спасылаючыся на абяцанне, дадзенае аўтарам, яна не раскрыла.
Зараз у Івесі, невялікай вёсачцы ў Глыбоцкім раёне, мастакі робяць эскізы да свайго фільма. У пачатку жніўня глыбачане адправяцца ў Лудзу, каб працягнуць працу над фільмам ужо ў студыйных умовах, з дапамогай сучасных камп'ютарных праграм. А ўжо ў наступным годзе на міжнародным кінафестывалі "Магніфікат" у Глыбокім запланаваны паказ фільма ў намінацыі "Анімацыйнае кіно".
Сумесны беларуска-латвійскі праект носіць дарослую назву "Візуалізацыя латышскага і беларускага фальклору ў фарміраванні трансгранічнага мастацкага моста" і фінансуецца ў рамках нарвежскага праекта трансгранічнага супрацоўніцтва Глыбоцкага райвыканкама і Думы горада Лудзы. Як адзначыла Рыма Муравей, "дарослая" назва праекта не замінае дзецям захоўваць сваю непасрэднасць у зносінах і праяўляць шчырае жаданне зразумець звычаі і традыцыі суседзкага народа, распавесці пра іх даступнай мовай анімацыі. Акрамя ўсяго іншага, зносіны юных мастакоў падштурхнулі ўлады Глыбоцкага раёна да стварэння першай у раёне мастацкай школы. Да гэтага моманту таленавітыя дзеці маглі займацца толькі на мастацкім аддзяленні мясцовага Дома рамёстваў. -0-