Беларускія і латвійскія ўдзельнікі турпраекта "Бела Дзвіна" спадзяюцца на яго працяг
8 ліпеня, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Трансгранічны праект "Бела Дзвіна - Перасякаючы межы, адкрываючы культуру, атрымліваючы асалоду ад прыроды рэгіёна Заходняй Дзвіны/Даугавы" ("Бела Дзвіна") можа атрымаць далейшае працягненне. Удзельнікі беларуска-латвійскага праекта падалі заяўку на ўдзел у новай праграме ЕС па прымежным супрацоўніцтве "Беларусь-Літва-Латвія", паведаміў сёння на міжнароднай канферэнцыі "Турыстычны рэгіён "Бела Дзвіна" як прыклад паспяховага беларуска-латвійскага трансгранічнага супрацоўніцтва" намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай Ільюшонак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, заяўка на ўдзел у новай праграме ЕС пададзена і прайшла першы этап экспертыз.
Даючы ацэнку завершанаму трансгранічнаму праекту "Бела Дзвіна", Мікалай Ільюшонак адзначыў, што дзякуючы яму Полацкі гарвыканкам атрымаў вопыт працы з Еўрапейскай камісіяй і еўрапейскімі грантамі. Удзельнікамі праекта распрацавана навукова абгрунтаваная стратэгія развіцця турызму ў Полацкім і Віцебскім рэгіёнах, выпрацавана тактыка прасоўвання турыстычнага прадукту на замежным рынку, умацавалася матэрыяльная база аб'ектаў турызму.
Праект "Бела Дзвіна" пачаў рэалізоўвацца два гады таму. На яго ажыццяўленне было накіравана звыш 560 тыс. еўра, у тым ліку больш за 480 тыс. еўра - сродкі Еўрапейскага саюза.
Беларуска-латвійскі праект "Бела Дзвіна" рэалізоўваўся ў рамках праграмы ЕС "Рэгіён Балтыйскага мора - ІНТЭРЭГ IIIВ - Праграма добрасуседства - ІНТЭРЭГ IIIА - Прыярытэт Латвія-Літва-Беларусь (Поўдзень)". Яго ўдзельнікамі былі Полацкі гарвыканкам, Бешанковіцкі, Верхнядзвінскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Мёрскі, Расонскі, Шаркаўшчынскі раёны і 6 раёнаў Латвіі. Партнёрамі праекта таксама з'яўляюцца Латгальскае агенцтва рэгіянальнага развіцця (Латвія), Віцебскі цэнтр рэгіянальных даследаванняў і распрацовак, установа "Інтэракцыя" Германо-Беларускага дома ў Беларусі.-0-