Беларускія і расійскія машынабудаўнікі выпусцілі доследны ўзор аўтагідрапад'ёмніка

13 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларускія і расійскія машынабудаўнікі выпусцілі доследны ўзор аўтагідрапад'ёмніка з вышынёй пад'ёму кошыка да 16 м, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Вітстрайтэхмаш" Павел Кацікаў. Мадэль аўтагідрапад'ёмніка "Віпа-16-01" сканструяваў Віцебскі завод пад'ёмна-транспартнага абсталявання прадпрыемства "Вітстрайтэхмаш" спецыяльна для ўстаноўкі на шасі новага расійскага аўтамабіля "Сілант", які валодае павышанай праходнасцю на забалочаных участках і перасечанай мясцовасці. Протатыпам гэтай машыны паслужыў сярэднетнажны аўтамабіль ГАЗ-66. Апорны контур новага аўтагідрапад'ёмніка складае 2,5 на 2,5 м, што дазваляе выкарыстоўваць яго ў абмежаваных умовах гарадскога асяроддзя. Доследны ўзор аўтагідрапад'ёмніка паспяхова прайшоў выпрабаванні і атрымаў сертыфікат адпаведнасці ў Расійскай Федэрацыі. Шырокай публіцы пад'ёмнік быў прэзентаваны на 13-й Міжнароднай выстаўцы спецыяльнай будаўнічай тэхнікі і тэхналогій СТТ-2012 у Маскве ў канцы мая. Па словах Паўла Кацікава, аўтапад'ёмнік адразу знайшоў свайго пакупніка і адправіўся ў Яраслаўль. Цікавасць да сумеснай прадукцыі праявіла і адно з камунальных прадпрыемстваў Масквы, якое абслугоўвае масты, пуцеправоды і віядукі. Як лічыць Павел Кацікаў, павышаная цікавасць да сумеснай распрацоўкі расійскіх і беларускіх машынабудаўнікоў тлумачыцца тым, што ні ў Расіі, ні ў Беларусі падобная тэхніка не выраблялася. У цяперашні час "Вітстрайтэхмаш" пачынае серыйны выпуск аўтагідрапад'ёмнікаў на базавым шасі "Сілант" вышынёй 16 м. Акрамя таго, віцебскія канструктары прыступілі да распрацоўкі пад'ёмнікаў вышынёй 24 м на базе шасі "Сілант", якія запатрабаваны прадпрыемствамі энергетыкі як у Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі. Выпуск аўтагідрапад'ёмнікаў прадугледжаны бізнес-планам развіцця прадпрыемства на перыяд 2010-2013 гады. Агульны кошт праекта ацэньваецца больш чым у Br4,5 млрд. Праект прадугледжвае стварэнне не менш за 100 працоўных месцаў. Прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Вітстрайтэхмаш" было створана ў 2004 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на тэхнічным абслугоўванні і рамонце ўсіх відаў аўтагідрапад'ёмнікаў і пад'ёмнікаў, вырабе адказных металаканструкцый і вузлоў, вытворчасці будаўнічага абсталявання. "Вітстрайтэхмаш" першым у Беларусі распрацаваў і асвоіў вытворчасць аўтагідрапад'ёмнікаў з высокатрывалай канструкцыйнай сталі з рознай рабочай вышынёй пад'ёму. Дзякуючы выкарыстанню высокатрывалых сталей металаёмістасць прадукцыі на 40% ніжэйшая, чым у канкурэнтаў, пры гэтым грузавыя характарыстыкі застаюцца ранейшымі. Па дадзеных за пяць месяцаў бягучага года, інвестыцыі "Вітстрайтэхмаша" ў асноўны капітал склалі звыш Br400 млн. Тэмп росту вытворчасці ў грашовым выразе вырас больш чым удвая ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Тэмп росту экспарту ў студзені-маі склаў 197% да студзеня-мая 2011 года. Рэнтабельнасць вытворчасці дасягнула 20%. -0-