Беларускія і расійскія машынабудаўнікі запусцілі ў серыю аўтагідрапад'ёмнік на базавым шасі "Сілант"
4 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларускія і расійскія машынабудаўнікі прыступілі да серыйнай вытворчасці аўтагідрапад'ёмніка з вышынёй пад'ёму кошыка да 16 м на базавым шасі "Сілант", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Вітстрайтэхмаш" Андрэй Сідараў.
Мадэль аўтагідрапад'ёмніка "Віпа-16-01" сканструявана Віцебскім заводам пад'ёмна-транспартнага абсталявання прадпрыемства "Вітстрайтэхмаш" спецыяльна для ўстаноўкі на шасі новага расійскага аўтамабіля "Сілант", які валодае павышанай праходнасцю на забалочаных участках і перасечанай мясцовасці. Прататыпам гэтай машыны паслужыў сярэднетнажны аўтамабіль ГАЗ-66. Апорны контур новага аўтагідрапад'ёмніка - 2,5х2,5 м, што дазваляе выкарыстоўваць яго ў абмежаваных умовах гарадскога асяроддзя. Ні ў Беларусі, ні ў Расіі пад'ёмнікі такога тыпу да апошняга часу не выпускаліся.
Доследны ўзор аўтагідрапад'ёмніка паспяхова прайшоў дзяржаўныя выпрабаванні і атрымаў сертыфікат адпаведнасці ў Расійскай Федэрацыі. Цікавасць да навінкі ўжо праявілі камунальныя прадпрыемствы з Масквы і Яраслаўля, якія абслугоўваюць масты, пуцеправоды і віядукі.
"Вітстрайтэхмаш" прыступіў да распрацоўкі пад'ёмнікаў вышынёй 24 м на базе шасі "Сілант", якія запатрабаваны прадпрыемствамі энергетыкі як у Беларусі, так і ў Расійскай Федэрацыі.
Прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства "Вітстрайтэхмаш" створана ў 2004 годзе. Спецыялізуецца на тэхабслугоўванні і рамонце ўсіх відаў аўтагідрапад'ёмнікаў і пад'ёмнікаў, вырабе адказных металаканструкцый і вузлоў, вытворчасці будаўнічага абсталявання. "Вітстрайтэхмаш" першым у Беларусі распрацаваў і асвоіў вытворчасць аўтагідрапад'ёмнікаў з высокатрывалай канструкцыйнай сталі з рознай рабочай вышынёй пад'ёму. Дзякуючы выкарыстанню высокатрывалых сталей металаёмістасць прадукцыі на 40% ніжэйшая, чым у канкурэнтаў, пры гэтым грузавыя характарыстыкі застаюцца ранейшымі.
Выпуск аўтагідрапад'ёмнікаў быў прадугледжаны бізнес-планам развіцця прадпрыемства на перыяд 2010-2013 гады. Агульны кошт праекта ацэньваўся больш чым у Br4,5 млрд. Праект прадугледжваў стварэнне не менш за 100 новых працоўных месцаў. У цяперашні час прадпрыемства распрацоўвае бізнес-план, які прадугледжвае пашырэнне вытворчасці і павелічэнне аб'ёмаў выпуску гідрапад'ёмнікаў на шасі аўтамабіляў розных мадэляў.
Па дадзеных за студзень-верасень 2012 года інвестыцыі "Вітстрайтэхмаша" ў асноўны капітал перавысілі Br500 млн. Тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці ў грашовым выразе вырас больш чым удвая ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. З пачатку года пакупнікам адгружана больш за 100 пад'ёмнікаў розных мадыфікацый. Каля 80% гатовай прадукцыі адпраўляецца ў Расію, Казахстан і Украіну. Тэмп росту экспарту склаў 197% да аналагічнага перыяду мінулага года. Рэнтабельнасць вытворчасці дасягнула 20%. -0-