Беларускія і расійскія мытнікі падпісалі Мемарандум аб узаемадзеянні на перыяд правядзення ў Рэспубліцы Беларусь чэмпіянату свету па хакеі з шайбай у 2014 годзе
Важная падзея адбылася ў рамках сёмага пасяджэння Аб'яднанай калегіі мытных службаў дзяржаў-членаў Мытнага саюза, якое праходзіла 26-28 лютага ў Наваполацку.
На прэс-канферэнцыі кіраўнік Федэральнай мытнай службы Расіі Андрэй Бельянінаў адзначыў, што мытнікі маюць вопыт сумеснай дзейнасці падчас правядзення маштабных міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку і чэмпіянату Еўропы па футболе 2012 года.
– Тады праца нашых службаў была не бачная, – паведаміў Андрэй Юр'евіч. – Мерапрыемства
прайшло ў камфортных для людзей умовах. Такая ж праца будзе праведзена і падчас чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе.
У сваю чаргу старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі дадаў, што ў цяперашні час робяцца пэўныя крокі для таго, каб на працягу месяца-паўтара аналагічныя дакументы былі падпісаны з іншымі суседнімі краінамі – Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай. Гэта дазволіць мытным службам на перыяд правядзення важнага для Беларусі спартыўнага мерапрыемства стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы для перасячэння дзяржаўных межаў грамадзянамі і перамяшчэння праз іх тавараў.
На пасяджэнні Аб'яднанай калегіі мытных службаў дзяржаў-членаў Мытнага саюза абмеркавалі 19 пазіцый. Сярод прыярытэтных – пытанні, якія тычацца ўдасканалення мытнага заканадаўства, што рэгламентуе парадак прадастаўлення папярэдняй інфармацыі, арганізацыя інфармацыйнага ўзаемадзеяння паміж мытнымі службамі Беларусі, Расіі і Казахстана. У прыватнасці, як падкрэсліў старшыня КТК Міністэрства фінансаў Рэспублікі Казахстан Мажыт Есенбаеў, сур'ёзныя праблемы ўзнікаюць з аўтамабілямі, што ўвозяцца на тэрыторыю краін Мытнага саюза. Дасягнутыя дамоўленасці ў плане інфармацыйнага абмену дазволяць аператыўна іх вырашаць.
Падчас прэс-канферэнцыі журналісты ўзнялі пытанне і аб збліжэнні пазіцый трох краін у пытанні ўкаранення электроннага дэкларавання. Аляксандр Шпілеўскі з гэтай нагоды паведаміў, што зараз у Беларусі электронным спосабам дэкларуецца 95 працэнтаў экспарту і 83 працэнты імпарту. Да канца бягучага года электроннае дэклараванне імпарту павінна скласці каля 90 працэнтаў. Гэта лепшы паказчык сярод краін Мытнага саюза.
Расійскія і казахскія мытныя ведамствы, па словах іх кіраўнікоў, таксама актыўна ўкараняюць перадавыя тэхналогіі. Як адзначыў Мажыт Есенбаеў, у Рэспубліцы Казахстан у мінулым годзе электроннае дэклараванне сталі практыкаваць у дачыненні да экспарту. У другім паўгоддзі 2013-га такую працэдуру ўвядуць і на імпарт. Кіраўнік ФТС Расіі Андрэй Бельянінаў канкрэтныя тэрміны поўнага пераходу на электроннае дэклараванне тавараў у Мытным саюзе не назваў, але выказаў упэўненасць, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час.
Алена СЫС. «Віцебскі рабочы»