Беларускія і расійскія навукоўцы працягнуць супрацоўніцтва ў галіне космасу і ІТ
15 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларускія і расійскія вучоныя працягнуць супрацоўніцтва ў сферах касмічных даследаванняў, інфармацыйных тэхналогій і медыцыны. Праекты Саюзных праграм па гэтых напрамках распрацаваны, паведаміў першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётр Віцязь сёння на пасяджэнні Міжакадэмічнага савета па праблемах развіцця Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Пасяджэнне Міжакадэмічнага савета, у рабоце якога прымаюць удзел прадстаўнікі НАН Беларусі, Расійскай акадэміі навук, члены Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, адкрылася сёння ў Віцебску.
"Супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх вучоных набывае прадметны характар", - падкрэсліў Пётр Віцязь. Многія праграмы з'яўляюцца комплекснымі, уяўляюць цікавасць для эканомікі дзвюх дзяржаў, і іх неабходна працягваць. У прыватнасці, да рэалізацыі ў рамках саюзных праграм будзе прапанаваны праект "Космас-НТ", які прадугледжвае стварэнне мікраспадарожнікавай платформы, якая дазваляе выводзіць на арбіту спадарожнікі вагой да 150 кг. Даныя, атрыманыя ад іх, могуць быць выкарыстаны для развіцця, напрыклад, лагістычных схем. Па касмічных праектах будзе прапанавана праграма па стварэнні высокатэхналагічных матэрыялаў з выкарыстаннем нанатэхналогій, якія валодаюць павышанай трываласцю пры захаванні пластычнасці.
Вучоныя Саюзнай дзяржавы таксама прапануюць працягнуць распрацоўкі ў інфармацыйнай сферы з выкарыстаннем суперкамп'ютара "Скіф". У ахове здароўя будзе праводзіцца работа над стварэннем лекаў на аснове трансгенных прэпаратаў, будуць стварацца навуковыя і арганізацыйныя асновы для ўкаранення ў клінічную практыку тэхналогіі трансплантацыі ствалавых клетак, далейшае развіццё атрымаюць распрацоўкі прэпаратаў для лячэння анкалагічных захворванняў.
Работа Міжакадэмічнага савета па праблемах развіцця Саюзнай дзяржавы працягнецца да 17 красавіка. Да яго пасяджэння прымеркавана правядзенне міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Канцэптуальныя асновы працэсу інтэграцыі Расіі і Беларусі", якая адкрыецца 16 красавіка.-0-