Беларускія і расійскія вайскоўцы пройдуць выпрабаванні на базе пад Віцебскам
На базе 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады (Віцебск) з 27 па 31 мая пройдуць выпрабаванні ваеннаслужачых на права прысваення нагруднага знака "Доблесць і майстэрства", у якіх акрамя беларускіх ваеннаслужачых возьмуць удзел ваеннаслужачыя Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных Сіл Расіі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.
Як распавялі ў абаронным ведамстве, на такія выпрабаванні прыцягваюцца ваеннаслужачыя, якія прайшлі падрыхтоўку ў воінскіх часцях па праграме адзіных кваліфікацыйных выпрабаванняў на права ўзнагароджання нагрудным знакам "Доблесць і майстэрства" або па асобных яе элементах у ходзе планавых заняткаў па баявой падрыхтоўцы, на добраахвотнай аснове. Сярод асноўных мэт мерапрыемства - праверка ўзроўню індывідуальнай падрыхтоўкі афіцэраў, прапаршчыкаў, ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу па кантракце і прызыву ў сілах спецыяльных аперацый, іншых злучэннях, воінскіх часцях, падраздзяленнях Узброеных Сіл, Ваеннай акадэміі, ступень іх гатоўнасці да выканання разведвальных і спецыяльных задач у складаных умовах абстаноўкі.
У ходзе выпрабаванняў будуць правераны тэарэтычныя веды і практычныя навыкі ўдзельнікаў па нарматывах тактыка-спецыяльнай, разведвальнай, агнявой, фізічнай, паветрана-дэсантнай, інжынернай, тапаграфічнай, ваенна-медыцынскай падрыхтоўкі. Ваеннаслужачыя выканаюць практычныя стрэльбы з розных відаў зброі, здзейсняць марш-кідок, а таксама правядуць спарынг-боі.