Беларускія МАЗы выйдуць на гоначную трасу міжнароднага ралі ў Полацкім раёне
Замест танкаў - МАЗы будуць спаборнічаць на 500-кіламетровай трасе былога армейскага палігона ў Дрэтуні Полацкага раёна. З 29 па 31 мая пад эгідай беларускай і расійскай аўтамабільных федэрацый на Віцебшчыне пройдуць, магчыма, самыя прадстаўнічыя міжнародныя ралійныя спаборніцтвы ў гісторыі Беларусі - «Баха Беларусь-2015». Гэтаму мерапрыемству была прысвечана прэс-канферэнцыя, якая адбылася днямі ў Мінску.
Спаборніцтвы пройдуць у статусе 3-га этапу чэмпіянату Расіі і 1-га этапу чэмпіянату Беларусі па ралі-рэйдах. Неабходна адзначыць, што лейтматывам беларускага этапу стане папулярызацыя прыроднага газу (метана) як аднаго з найбольш бяспечных для навакольнага асяроддзя віду паліва. Невыпадкова генеральным спонсарам турніру з'яўляецца ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь».
Мерапрыемства арганізуецца пры падтрымцы Віцебскага абласнога і Полацкага раённага выканаўчых камітэтаў, узначальвае аргкамітэт намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў.
Уладзімір Уладзіміравіч нагадаў, што падобныя спаборніцтвы ў Дрэтуні ўжо праводзіліся летась. Тое, што першы блін не выйшаў камяком і эфект перасягнуў усе чаканні, і паслужыла для ўдзельнікаў стымулам прыехаць сюды яшчэ раз. Калі сёлета ўсё пройдзе на
«выдатна», то ёсць усе перадумовы, што партнёры зробяць трасу пастаянна дзеючай, а выканаўчая ўлада заўсёды гатова падставіць ім у гэтым плячо.Уладзімір Церанцьеў адзначыў, што Віцебшчына заўсёды лічылася фестывальным краем. Але калі раней гэта ў асноўным былі музычныя, танцавальныя, песенныя форумы, то цяпер на чарзе спартыўная феерыя. І гэта павінна толькі спрыяць павышэнню турыстычнай прывабнасці нашага рэгіёну.
Старшыня праўлення РГА
«Гонкі Пра» Андрэй Бірукоў адзначыў, што чакаецца наймацнейшы склад экіпажаў на баявых пазадарожніках і грузавіках, у тым ліку дзейных чэмпіёнаў Кубка свету з Расіі, прыбалтыйскіх каманд, запрошаны польскія і венгерскія гоншчыкі. Плануецца не менш за 20-25 экіпажаў і беларускіх удзельнікаў.У мінулым годзе сярэдняя хуткасць язды па бездарожжы дасягала амаль 100, а максімальная - 170-180 км/г! Траса ў Дрэтуні ідэальная з пункту гледжання ландшафту. Яна вельмі разнастайная, звілістая, сустракаюцца берагавыя пясчанікі, поймы рэк, яры, лясныя хвалістыя непраходныя дарогі, якія робяць спаборніцтвы прывабнымі для прафесіяналаў і дазваляюць пілотам і штурманам праявіць усё сваё майстэрства і паказаць відовішчную барацьбу. Працягласць найцікавейшага маршруту складае каля 500 кіламетраў. Цяпер на палігоне вядзецца праца па падрыхтоўцы трасы і, наколькі магчыма, яе пашырэнню. Адметнасць спаборніцтваў у тым, што, акрамя
«баявой», будзе і асобная катэгорыя пачаткоўцаў. Фактычна любы чалавек можа падаць заяўку, праехаць па трасе, па якой да гэтага ездзілі мэтры.Для аматараў экстрэмальных відаў спорту, якія жадаюць паглядзець гонку, будзе арганізавана некалькі зон для гледачоў. З іх, як абяцаюць, можна будзе ў поўнай меры атрымаць асалоду ад спаборніцтваў. Прапрацоўваецца магчымасць устаноўкі спецыяльнага экрана, на якім будзе транслявацца захапляльная барацьба ўдзельнікаў у рэжыме анлайн, размяшчэнне перасоўных пунктаў грамадскага харчавання.
Прыцягвае гасцей і сам факт блізкасці палігона да старажытнага Полацка, які адзначае сёння сваё 1153-годдзе. Горад будзе па поўнай праграме задзейнічаны ў спартыўным фестывалі. У ім пройдуць урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця, парад спартыўных аўтамабіляў і многія іншыя мерапрыемствы.
Сімвалічна, што прадстаўнічыя спаборніцтвы праводзяцца ў юбілейны год 70-годдзя нашай агульнай Вялікай Перамогі, таму арганічнай іх часткай стане ўскладанне кветак да помніка Вызваліцелям Полацка. Без сумневу, фестываль скажацца толькі станоўчым чынам на іміджы Віцебскай вобласці.
Алесь Бынькоў, "Віцебскія весці"