Беларускія пісьменнікі віншуюць Полацк з юбілеем
25 мая, Полацк /Дзіяна Курыла – БЕЛТА/. Беларускія пісьменнікі віншуюць Полацк з юбілеем. На канцэртнай пляцоўцы каля помніка беларускаму кнігадрукару Сімяону Полацкаму адкрылася літаратурна-музычная гасцёўня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гасцёўня заўсёды адчыняе свае дзверы падчас святкавання Дня горада Полацка, гучаць вершы і песні пра горад. Але сёлета – зусім асаблівы нагода: 1150-годдзе люлкі беларускай дзяржаўнасці, асаблівыя госці і найшырэйшая праграма для палачан і гасцей горада. Полацк натхняў і працягвае натхняць на творчасць, хваляваць сэрцы і думкі. І пра гэта – у вершах паэтаў-палачан, у іх песнях і віншаваннях. У праграме прымаюць удзел прадстаўнікі літаратурнага аб'яднання "Наддзвінне". Вершы пра Полацк Мікалая Балдоўскага, Таццяны Леўковіч, Галіны Загурскай, Алы Івановай, Аляксандра Кірушына, Уладзіміра Куца, Віталя Маскалёва, Ларысы Міхновіч стануць пачаткам літаратурнай ады юбіляру.
Прывітаць палачан і гасцей з падмосткаў пляцоўкі будуць прадстаўнікі літаратурнага аб'яднання "Полацкая галіна". З часу свайго заснавання з 1989 года "галіноўцы" правялі мноства семінараў, літаратурных конкурсаў і напісалі шмат вершаў, частку якіх прысвяцілі роднаму Полацку. Свае творы збіраюцца чытаць Раіса Антонавіч, Леанід Волкаў, Алена Басікірская, Анатоль Беспярстых, Пётр Магер, Юлія Панамарэнка, Аляксандр Раткевіч, Кацярына Сідаровіч, Анатоль Сцяпанаў. Вершы Полацку прачытае член Саюза пісьменнікаў Беларусі Іосіф Рагаль.
Віншаванні Полацку будуць гучаць і ад членаў Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: Тамары Красновай-Гусачэнкі, Барыса Беляжэнкі.
У другой палове дня на гэтай жа пляцоўцы пройдзе канцэртная праграма "Свяцільнік свету Богам запалены". Яна прысвечана выдатным палачанам і вялікім дзеячам Беларускай гісторыі – Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыне і Сімяону Полацкаму. Натхнёныя іх справамі і творамі, дзеячам полацкай зямлі вершы прысвячалі Гальперовіч, Грахоўскі, Гілевіч, Пазднякоў і многія-многія іншыя. Іх вершы прачытаюць студэнты Полацкага дзяржуніверсітэта і ансамбль духоўнай лірычнай песні "Крыніца". Завяршальным блокам канцэртнай праграмы выступяць паэты, прадстаўнікі Віцебскага абласнога аддзялення "Саюза пісьменнікаў".-0-