Беларускія памежнікі ўносяць значны ўклад у абарону эканамічных інтарэсаў краіны - Прэзідэнт
28 мая, Мінск /Марта Астрэйка – БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў камандаванне, асабовы склад і ветэранаў органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.
«Адзначаючы ў гэтым годзе 65-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мы аддаём належнае і подзвігу воінаў-пагранічнікаў, першымі ўступіўшымі ў няроўнае сутыкненне з акупантамі. Адстойваючы кожны сантыметр роднай зямлі, яны заклалі аснову будучай Вялікай Перамогі», – гаворыцца ў віншаванні.
Цяперашняе пакаленне беларускіх пагранічнікаў годна памнажае слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў, упэўнены Прэзідэнт. «Вы праяўляеце высокую пільнасць, баявое майстэрства, вернасць прысязе і воінскаму абавязку. Сваёй ратнай працай уносіце прыкметны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай пагранічнай палітыкі, абарону эканамічных інтарэсаў краіны, барацьбу з арганізаванай злачыннасцю на мяжы, садзейнічаеце развіццю знешнеэканамічных сувязяў», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-