Беларускія прадпрыемствы для выхаду на еўрапейскі ўзровень павінны актыўней выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы
6 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Беларускія прадпрыемствы для выхаду на еўрапейскі ўзровень павінны больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці Інтэрнэту. Аб гэтым заявіў сёння ў час дзелавой сустрэчы дэлегацыі літоўскіх бізнесменаў і вытворцаў Віцебскай вобласці саветнік пасольства Беларусі ў Літоўскай Рэспубліцы Аляксандр Маісеенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, прадпрыемствы павінны ствараць свае сайты, рэгулярна рыхтаваць і абнаўляць прэзентацыйныя пералікі сваёй прадукцыі ў электронным выглядзе з поўнай інфармацыяй аб выпускаемым тавары. Толькі такім чынам можна аператыўна прадастаўляць неабходную інфармацыю патэнцыяльным партнёрам за мяжой, актыўна наладжваць новыя кантакты. "Так сёння працуе ўвесь свет", - падкрэсліў саветнік, дадаўшы, што кітайскія бізнесмены дзякуючы выкарыстанню магчымасцей Інтэрнэту заключаюць дагаворы на працягу чатырох гадзін.
Паводле слоў Аляксандра Маісеенкі, з пачатку года ў Беларусі было арганізавана чатыры візіты прадстаўнікоў дзелавых колаў Літвы для наладжвання кантактаў з вытворцамі. Кожная з гэтых сустрэч паказала, што беларускім прадпрыемствам неабходна больш актыўна і поўна выкарыстоўваць электронныя магчымасці для прасоўвання сваёй прадукцыі на еўрапейскім рынку, адзначыў саветнік.-0-