Беларускія правайдэры будуць захоўваць звесткі пра сайты, якія наведваюцца
Зацверджана інструкцыя аб парадку фарміравання і захоўвання звестак аб інфармацыйных рэсурсах, якія наведваюцца карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі №6 ад 18 лютага, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У дакуменце сказана, што пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг абавязаны з выкарыстаннем апаратна-праграмнага комплексу фарміраваць і захоўваць актуальныя звесткі аб інтэрнэт-рэсурсах, якія наведваюцца карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг. Пратвайдэры будуць захоўваць наступную інфармацыю аб карыстальніках, у тым ліку фізічных асобах, у тым ліку індывідуальных прадпрымальніках: нумар і дату заключэння дагавора на аказанне паслуг электрасувязі; прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое маецца); адрас карыстальніка або адрас устаноўкі канечнага абаненцкага прыстасавання (тэрмінала); даныя, якія дазваляюць вызначыць (ідэнтыфікаваць) карыстальніка інтэрнэт-паслуг або яго канечнае абаненцкае прыстасаванне (тэрмінал); МАС-адрас або ідэнтыфікацыйны нумар канечнага абаненцкага прыстасавання (тэрмінала) карыстальніка інтэрнэт-паслуг сотавай рухомай электрасувязі; для абанентаў сеткі сотавай рухомай электрасувязі - рэквізіты дакумента, які сведчыць асобу (яго назву, серыю, нумар, дату выдачы і найменне дзяржаўнага органа, які выдаў дакумент).
У дачыненні да юрыдычных асоб будуць захоўвацца звесткі аб нумары і даце заключэння дагавора на аказанне паслуг электрасувязі; найменне (фірменнае найменне) юрыдычнай асобы, яго юрыдычны адрас; адрас устаноўкі канечнага абаненцкага прыстасавання (тэрмінала) карыстальніка інтэрнэт-паслуг; даныя, якія дазваляюць вызначыць (ідэнтыфікаваць) карыстальніка інтэрнэт-паслуг або яго канечнае абаненцкае прыстасаванне (тэрмінал); МАС-адрас або ідэнтыфікацыйны нумар канечнага абаненцкага прыстасавання (тэрмінала) карыстальніка інтэрнэт-паслуг сотавай рухомай электрасувязі.
Акрамя таго, будуць захоўвацца звесткі аб усіх паслугах электрасувязі, актываваных карыстальнікам інтэрнэт-паслуг, а таксама дата, час пачатку і заканчэння злучэнняў, унутраны і знешні IP-адрасы і парты канечнай абаненцкай прылады (тэрмінала), даменнае імя або IP-адрас і порт інтэрнэт-рэсурсу, які наведваецца карыстальнікам інтэрнэт-паслуг, аб'ём перададзеных і прынятых даных.
Пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг забяспечваюць захоўванне актуальных звестак аб інфармацыйных рэсурсах, якія наведваюцца карыстальнікамі інтэрнэт-паслуг, на працягу аднаго года з дня аказання інтэрнэт-паслуг.
Пастанова ўступае ў сілу з 1 студзеня 2016 года.