Беларускія спартсмены на Х зімовых Параалімпійскіх гульнях у Канадзе заваявалі 9 медалёў
22 сакавіка, Мінск /Сяргей Вішнеўскі - БЕЛТА/. Беларускія спартсмены заваявалі 9 медалёў на Х зімовых Паралімпійскіх гульнях, якія прайшлі з 12 па 21 сакавіка ў канадскіх Ванкуверы і Уістлеры, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У заключны дзень дзявятую ўзнагароду беларускай камандзе прынесла Людміла Воўчак, якая заваявала бронзу ў фінале лыжнай спрынтарскай гонкі на 1 км сярод спартсменак з парушэннямі апорна-рухальнага апарату (3 мін.01,9 сек.). Золата выйграла італьянка Франчэска Порчэлато (2 мін.58,5 сек.), срэбра дасталася ўкраінцы Алёне Юркоўскай (3 мін.00 сек.).
У фінал спрынтарскай гонкі на 1 км для спартсменак з парушэннямі апорна-рухальнага апарату прабілася таксама беларуска Ларыса Ворана, якая заняла 4-е месца (4 мін.34,5 сек.). Золата тут заваявала ўкраінка Аляксандра Конанава (4 мін.21,4 сек.), срэбра - японка Сёка Ота (4 мін.26,8 сек.), бронзу - расіянка Ганна Бурмістрава (4 мін.31,3 сек.).
У медальным заліку Паралімпіяды Беларусь з 9 узнагародамі (2 золата, 7 бронзавых узнагарод) заняла 9-е месца, па агульнай колькасці прызавых месцаў паўтарыўшы рэкордны вынік Турына-2006 (1 залаты, 6 срэбраных, 2 бронзавыя медалі).
Па колькасці залатых медалёў Гульні ў Канадзе сталі для беларускай каманды рэкорднымі. Прычым абодва золата на рахунку капітана нашай дружыны Людмілы Воўчак - у лыжных гонках на дыстанцыях 10 км і 5 км сярод спартсменак з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. У актыве Людмілы Воўчак таксама дзве бронзы - у спрынце на 1 км і ў лыжнай жаночай эстафеце 3х2,5 км, дзе разам з ёй гэты медаль здабывалі Ларыса Ворана і Ядвіга Скарабагатая.
Бронзавымі прызёркамі таксама станавіліся Васіль Шапцебой у лыжнай гонцы вольным стылем на 20 км сярод слабавідушчых спартсменаў і ў біятлоннай гонцы праследавання на 3 км, Ядвіга Скарабагатая ў 15-кіламетровай гонцы вольным стылем сярод слабавідушчых спартсменак, Дзмітрый Лобан у лыжнай гонцы на 10 км сярод спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, Ларыса Ворана ў лыжнай гонцы класічным стылем на 5 км сярод спартсменак з парушэннямі апорна-рухальнага апарату.
Перад пачаткам Паралімпіяды беларуская дружына разлічвала на 5 медалёў. Гэты прагноз перавыкананы.
Яшчэ 6 разоў беларускія паралімпійцы спыняліся за крок ад п'едэстала, займаючы 4-е месца.
Усяго ўзнагароды заваёўвалі прадстаўнікі 21 краіны:
1. Германія - 13 залатых, 5 срэбраных, 6 бронзавых (усяго 24)
2. Расія - 12, 16, 10 (38)
3. Канада - 10, 5, 4 (19)
4. Славакія - 6, 2, 3 (11)
5. Украіна - 5, 8, 6 (19)
6. ЗША - 4, 5, 4 (13)
7. Аўстрыя - 3, 4, 4 (11)
8. Японія - 3, 3, 5 (11)
9. Беларусь - 2, 0, 7 (9)
10. Францыя - 1, 4, 1 (6)
11. Італія - 1, 3, 3 (7)
12. Нарвегія - 1, 3, 2 (6)
13. Іспанія - 1, 2, 0 (3)
13. Швейцарыя - 1, 2, 0 (3)
15. Новая Зеландыя - 1, 0, 0 (1)
16. Аўстралія - 0, 1, 3 (4)
17. Фінляндыя - 0, 1, 1 (2)
18. Паўднёвая Карэя - 0, 1, 0 (1)
19. Швецыя - 0, 0, 2 (2)
20. Чэхія - 0, 0, 1 (1)
20. Польшча - 0, 0, 1 (1).
Было разыграна 64 камплекты ўзнагарод у пяці відах спорту (біятлоне, лыжных гонках, горных лыжах, хакеі і керлінгу). У Паралімпіядзе прымалі ўдзел атлеты з 43 краін.-0-