Беларускія тэнісісткі атрымалі перамогі на старце буйнога турніру ў ЗША

11 жніўня, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. Беларускія тэнісісткі паспяхова стартавалі на буйным турніры ў амерыканскім Цынцынаці, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Першая ракетка нашай краіны Вікторыя Азаранка (9-ы нумар сусветнага рэйтынгу) у першым паядынку абыграла эстонскую тэнісістку Кайю Канепі (25) – 6:3, 7:6. У другім крузе гэтага турніру Азаранка сустрэнецца з расіянкай Ганнай Чакветадзэ. Адзначым, што перад гэтым Вікторыя, якой 31 ліпеня споўнілася 20 гадоў, прайграла Марыі Шарапавай (49) у першым крузе турніру ў Лос-Анджэлесе. Іншая наша суайчынніца Вольга Гаварцова (63) у сваім стартавым матчы ўзяла верх над яшчэ адной расійскай спартсменкай Кацярынай Макаровай (36) – 6:1, 6:3. Наступнай саперніцай Гаварцовай будзе пераможца сустрэчы Урсула Радваньска (62, Польшча) – Агнеш Шаваі (33, Венгрыя). У парным разрадзе выступіць беларуска Таццяна Пучак. У матчы першага раўнда яна разам з украінкай Марыяй Карытцавай згуляе з інтернацыянальным дуэтам Санья Мірза (Індыя) – Франчэска Ск'явонэ (Італія). Турнір у Цынцынаці, агульны прызавы фонд якога складае $2 млн, завершыцца ў нядзелю, 16 жніўня.-0-