Беларускія ўдзельніцы дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2009" у першы дзень спаборніцтва выступяць другімі і дзявятымі

13 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У фестывальным Віцебску адбылася жараб'ёўка выступленняў двух дзён VII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2009", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Беларусь на конкурсе будуць прадстаўляць лаўрэат I прэміі Міжнароднага фестывалю юных талентаў "Зорачка" (Адэса, Украіна) Лаліта і лаўрэат I прэміі IV Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці "Акно ў Еўропу" (Санкт-Пецярбург, Расія) Марыя Новік. У першы дзень музычнага спаборніцтва Лаліта і Марыя Новік выступяць другой і дзявятай. 15 ліпеня ім трэба будзе спяваць пад нумарам пяць (Марыя Новік) і дзевяць (Лаліта). Адкрые конкурс украінка Вікторыя Літвінчук, у другі конкурсны дзень першай на сцэну выйдзе юная выканаўца з Італіі Вірджылія Сідзі. Сёлета ўдзельнікамі конкурсу сталі прадстаўнікі 16 краін. Краіны - заснавальніцы фестывалю - Беларусь, Расія і Украіна - па ўмовах конкурсу прадстаўляюць па 2 удзельнікі. У адрозненне ад конкурсу маладых выканаўцаў, прадстаўленых сёлета ў пераважнай большасці мужчынамі, у складзе ўдзельнікаў дзіцячага музычнага спаборніцтва пераважаюць прадстаўніцы прыгожага полу. Асаблівасцю гэтага конкурсу стала выпадзенне падчас жараб'ёўкі аднолькавых нумароў на два конкурсныя дні тром удзельнікам. Яны дасталіся конкурсанткам з Балгарыі (10), Расіі (12), Румыніі (4). Усіх конкурсантаў, нягледзячы на юны ўзрост, ужо можна назваць артыстамі. За іх плячамі не адно пеўчае спаборніцтва і не адно лаўрэацкае званне. Лепшага з іх трэба будзе вызначыць кампетэнтнаму журы на чале з народным артыстам Беларусі кампазітарам Леанідам Захлеўным.-0-