Беларускія навукоўцы працягнуць даследаваць тэрыторыю старажытнага Друцка ў пошуках археалагічных сенсацый
9 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Беларускія вучоныя працягнуць працу па даследаванні тэрыторыі старажытнага Друцка (Талачынскі раён) у пошуку калектыўных пахаванняў, аналагічных выяўленаму летам гэтага года пахаванню з надмагільным каменем. Аб гэтым сёння паведаміла загадчыца цэнтра гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі доктар гістарычных навук Вольга Леўка на прэзентацыі ўнікальнай археалагічнай знаходкі ў абласным краязнаўчым музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Унікальнасць знаходкі заключаецца ў тым, што да гэтага часу не сустракаліся курганныя пахаванні менавіта з каменнымі надмагіллямі, гэта своеасаблівае перапляценне язычніцкіх і хрысціянскіх традыцый. Таксама падчас раскопак быў выяўлены пахавальны інвентар: рэшткі адзення (каўнерыкі), шытыя золатам і з арнаментам па выглядзе візантыйскага ўзору, фрагменты тканін зноў жа візантыйскага ўзору, пазалочаныя і адна сярэбраная гузікі, што сведчыць аб тым, што пахаваныя не радавыя грамадзяне. Усяго вучонымі выяўлены рэшткі 38 чалавек. Усе матэрыялы цяпер вывучаюцца. "Там ёсць яшчэ 2 месцы, дзе мы мяркуем магчымасць знаходжання такіх жа калектыўных пахаванняў, яны будуць даследавацца і, магчыма, у нас з'явіцца больш шанцаў канкрэтызаваць датаванне гэтага аб'екта", - сказала Вольга Леўка. Па папярэдніх даных, вучоныя датуюць знаходку другой паловай XII-першым дзесяцігоддзем XIII стагоддзяў.
Вучоныя звязваюць гэту знаходку з адной з сумных старонак гісторыі, звязаных з вядзеннем баявых дзеянняў, на што ўказваюць наканечнікі стрэл у рэштках двух чалавек. Пакуль немагчыма вызначыць, кім былі пахаваныя - мясцовымі жыхарамі ці заваёўнікамі.
Курган з'яўляецца прадметам гісторыі найстаражытнейшага Друцка, аднаго з цэнтраў старажытнарускіх княстваў на тэрыторыі Беларусі. "Знаходка дазваляе пашырыць гарызонт нашых ведаў аб гісторыі гэтага старажытнага княства", - дадала вучоны.-0-