Беларускія навукоўцы ўносяць важкі ўклад у развіццё ўзаемадзеяння навуковых школ краін СНД - эксперт
26 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Беларускія навукоўцы ўносяць важкі ўклад у захаванне і развіццё ўзаемадзеяння навуковай грамадскасці, навуковых школ краін СНД. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказаў старшыня Міждзяржаўнага каардынацыйнага савета па фізіцы трываласці і пластычнасці матэрыялаў (МКС) краін СНД, доктар фізіка-матэматычных навук прафесар Фізіка-тэхнічнага інстытута імя А.Ф.Іофе (Санкт-Пецярбург) Уладзімір Бецехцін. Ён прымае ўдзел у міжнародным сімпозіуме "Перспектыўныя матэрыялы і тэхналогіі", які адкрыўся сёння ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце.
Па яго словах, без зносін вучоных, узаемадзеяння тых навуковых школ, якія складаліся дзесяцігоддзямі, немагчыма развіццё навукі ў цэлым. Захаванне такіх сувязей, развіццё адзінай інфармацыйнай прасторы паміж навуковымі ўстановамі з'яўляецца асноўнай мэтай створанага ў 1992 годзе Міждзяржаўнага каардынацыйнага савета па фізіцы трываласці і пластычнасці матэрыялаў. У яго рабоце актыўны ўдзел прымаюць і беларускія спецыялісты.
"Такія канферэнцыі вельмі карысныя, бо абмен думкамі, інфармацыя аб зробленай калегамі працы стымулюе даследаванні ўдзельнікаў форуму", - сказаў Уладзімір Бецехцін. У Віцебску створана сур'ёзная школа ў галіне матэрыялазнаўства і новых матэрыялаў, працуюць вучоныя, у тым ліку маладыя спецыялісты, а значыць захоўваюцца традыцыі, што вельмі важна, дадаў ён.
У традыцыйным навуковым форуме прымаюць удзел каля 100 вядучых вучоных і спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Малдовы і Польшчы. На сімпозіуме будуць прадстаўлены вынікі тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў уплыву высокаэнергетычных уздзеянняў на трываласць і пластычнасць матэрыялаў, плануецца разгледзець найбольш актуальныя напрамкі матэрыялазнаўства і фізікі кандэнсаванага стану.
Большасць дакладаў прысвечана даследаванням, якія маюць як навуковае, так і практычнае значэнне. Значны інтарэс уяўляюць даследаванні нанаструктурных і субмікракрысталічных металаў, атрыманых уздзеяннем інтэнсіўнай пластычнай дэфармацыі, у якіх выяўлены нізкатэмпературныя анамаліі зярснічнай дыфузіі. Адну з новых распрацовак прадставіць Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі - тэхналогію аднаўлення дэталяў метадам газадынамічнага напылення, якая ўжо выкарыстоўваецца на авіярамонтных прадпрыемствах Беларусі. Гэтая тэхналогія дазваляе наносіць пакрыцці з металаў, сплаваў, сумесей парашкоў, у тым ліку з неметаламі, палімерамі, на вырабы з металаў і дыэлектрыкаў, уключаючы кераміку і шкло. На сімпозіуме будуць прадстаўлены і распрацаваныя вучонымі сплавы для рэстаўрацыі старадаўніх органаў, тэхналогіі стварэння новых матэрыялаў для прымянення ў медыцыне.
Арганізатарамі сімпозіума, які завершыцца 29 мая, выступаюць Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт пры падтрымцы Міждзяржаўнага каардынацыйнага савета па фізіцы трываласці і пластычнасці матэрыялаў краін СНД.-0-