Беларускія вундэркінды заваявалі шэсць узнагарод на Міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы ў Германіі

20 ліпеня, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Беларускія вундэркінды заваявалі шэсць медалёў на Міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Наталля Гаравая. Паводле яе слоў, беларускія розумнікі і розумніцы прымаюць удзел у 50-й міжнароднай матэматычнай алімпіядзе, якая праходзіць 10-22 ліпеня ў Брэмене (Германія). Ужо стала вядома, што навучэнец ХI класа ліцэя БДУ Арцём Таестаў заваяваў залаты медаль гэтых прэстыжных спаборніцтваў. На адну прыступку ад яго адсталі навучэнцы ХI класаў - гімназіі №8 з Віцебска Святлана Аўчыннікава і гімназіі №29 Мінска Аляксей Вайялевіч, а таксама дзевяцікласнікі з СШ №41 Мінска Паліна Худякова і гімназіі №8 Віцебска Сяргей Даўгаль. Бронзавы медаль заваяваў навучэнец ХI класа гімназіі №1 Рэчыцы Арцём Гавораў. Як адзначыла Наталля Гаравая, вельмі цешыць поспех дзевяцікласнікаў. "Гэтыя рабяты ўжо цяпер паказалі, што яны былі не дарма абраны. Акрамя таго, у іх ёсць яшчэ магчымасць удасканаліць свае веды і ў далейшым падтрымліваць прэстыж беларускай матэматычнай навукі", - падкрэсліла суразмоўніца. Таксама яна расказала, што Святлана Аўчыннікава ўжо не раз абараняла гонар Беларусі на такіх прэстыжных спаборніцтвах. Так, у 2007 годзе яна заваявала бронзу, у 2008 годзе - серабро. Не першая ўзнагарода такога ўзроўню і ў скарбонцы ў Аляксея Вайялевіча: у 2008 годзе юны матэматык прынёс зборнай Беларусі бронзавы медаль.-0-