Беларускі этап міжнароднай эстафеты "Бег дружбы" завершыцца ў Віцебскай вобласці
21 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Удзельнікі міжнароднай лёгкаатлетычнай эстафеты "Бег дружбы" сёння прыбылі ў Віцебск. Больш за 60 навучэнцаў спартыўных школ абласнога цэнтра далучыліся да эстафеты на шляху да Цэнтральнага спартыўнага комплексу, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму гарвыканкама.
У Віцебску ўрачыстая сустрэча інтэрнацыянальнай каманды была арганізавана на Алеі алімпійскай славы Віцебскай вобласці. Павітаць удзельнікаў міжнароднай эстафеты сабраліся прадстаўнікі спартыўнай грамадскасці горада, навучэнцы школ і моладзевых арганізацый. Заўтра міжнародная эстафета адправіцца ў Лёзна, а затым перасеча беларуска-расійскую мяжу.
Віцебская вобласць стала апошнім беларускім рэгіёнам на шляху лёгкаатлетычнага прабегу да фінішу 27 верасня ў Маскве, куды адначасова прыбудуць удзельнікі еўрапейскай і азіяцкай ветак эстафеты. Агульная працягласць беларускага адрэзка прабегу складае каля 840 км, эстафета прайшла праз Гродна, Скідзель, Ваўкавыск, Зэльву, Слонім, Баранавічы, Жодзіна, Мінск, Барысаў, Магілёў, Оршу. У інтэрнацыянальнай камандзе ўдзельнікаў эстафеты 11 пастаянных удзельнікаў - прадстаўнікі Харватыі, Германіі, Англіі, Малдовы, Галандыі, Чэхіі, Сербіі, Аўстрыі, Венгрыі, Расіі. Па шляху іх падтрымліваюць беларускія спартсмены. На любым этапе да інтэрнацыянальнай каманды могуць далучыцца ўсе жадаючыя.
"Бег дружбы" - самы працяглы лёгкаатлетычны прабег у свеце, які быў заснаваны ў 1987 годзе энтузіястамі, якія імкнуцца натхніць ідэяй добрай волі людзей усіх нацыянальнасцей. Ініцыятарам эстафеты лічыцца індыйскі філосаф, пісьменнік і энтузіяст спорту Шры Чынмой. Даўжыня маршруту складае 47 тыс. км. Прабег разбіты на дзве галіны - еўрапейскую і азіяцкую. У гэтым годзе эстафета стартавала унікальнай цырымоніяй запальвання факела ад палаючай лавы вулкана Пакая, размешчанага побач з Гватэмалай, сталіцай аднайменнай дзяржавы ў Цэнтральнай Амерыцы. Еўрапейская частка прабегу пачалася 26 лютага ў ірландскім Дубліне, у Беларусь эстафета прыбыла з Літвы. Цяпер "Бег дружбы" аб'ядноўвае больш за сто краін. Маршрут перасякае ўсе кантыненты, а фініш эстафеты кожны год праводзіцца ў новай краіне-ўдзельніцы.-0-