Беларускі і аргенцінскі медуніверсітэты падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве
2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і аргенцінскі медыцынскі ўніверсітэт Маймонідэс 1 ліпеня ў Буэнас-Айрэсе падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Аргенціне.
Падпісанне пагаднення з адным з найбуйнейшых і найпрэстыжнейшых медыцынскіх ВНУ Аргенціны стала чарговым крокам па ўмацаванні беларуска-аргенцінскіх навуковых і адукацыйных кантактаў, адзначылі ў пасольстве.
Прадстаўнікі двух ВНУ абмеркавалі магчымасць стажыроўкі беларускіх і аргенцінскіх спецыялістаў на базе ВНУ дзвюх краін. Кіраўніцтва ўніверсітэта Маймонідэс пацвердзіла ўдзел дэлегацыі аргенцінскага ВНУ ў V юбілейнай Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Медыцынская адукацыя XXI стагоддзя", якая пройдзе ў лістападзе 2009 года ў Віцебску.-0-