Беларускі музычны тэатр адкрыў 28-ы канцэртны сезон Полацкага Сафійскага сабора

11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адкрыў 28-ы канцэртны сезон Полацкага Сафійскага сабора, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры. Канцэртная зала знакамітай Сафіі, разлічаная на тры сотні месцаў, у розныя гады прымала лепшых музыкантаў краіны і свету. Нягледзячы на тое, што многія артысты музтэатра неаднаразова спявалі для полацкіх меламанаў, 8 кастрычніка вечар адкрыцця новага канцэртнага сезона стаў асаблівым і для гледачоў, і для саміх артыстаў. Бо ўпершыню пад скляпеннямі сабора гучаў сімфанічны аркестр, які прадставіў новую канцэртную праграму, складзеную з лепшых нумароў аперэтавай класікі – палек Іагана Штрауса і неапалітанскіх песень. У гала-канцэрце прынялі ўдзел народная артыстка Беларусі Наталля Гайда, лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Маргарыта Аляксандравіч, Алеся Лют, Васіль Мінгалеў, артысты Лідзія Кузьміцкая, Дзяніс Нямоцаў, Яўгеній Ермакоў, Антон Заянчкоўскі, Анатоль Алех. Падрыхтавалі праграму з улікам пажаданняў полацкай публікі музычны кіраўнік і дырыжор Юрый Галяс, а таксама рэжысёр Ганна Маторная. Музыка класікаў аперэты Іагана Штрауса, Імрэ Кальмана, Ферэнца Легара ў асаблівых акустычных умовах Сафійскага сабора гучала як ніколі ярка, ствараючы адчуванне палёту. Асабліва цёпла публіка прымала Наталлю Гайду, якая выканала свае каронныя нумары – арыю Камарго з аперэты Шарля Лекока "Зялёны востраў", а таксама песеньку Аляксандры з аперэты Імрэ Кальмана "Фея карнавала". Полацк, калыска беларускай гісторыі і культуры, стаў першым горадам у краіне, дзе была прадстаўлена новая канцэртная праграма музтэатра, якая атрымала назву "Чароўны свет аперэты". Гала-канцэрты пройдуць і ў іншых гарадах рэспублікі. Найбліжэйшыя гастролі намечаны на 16 лістапада (Кобрын).-0-