Беларускі раздзел міжнароднай біенале акварэлі "Вада + Фарба" ўпершыню будзе прадстаўлены ў Ноўгарадзе

Белорусский раздел международной биеннале акварели "Вада + Фарба" впервые будет представлен в Новгороде

Беларускі раздзел міжнароднай біенале акварэлі "Вада + Фарба" упершыню будзе прадстаўлены ў Ноўгарадскім дзяржаўным аб'яднаным музеі-запаведніку, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца філіяла "Мастацкая галерэя" Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ларыса Лысенка.

Творчае супрацоўніцтва двух музеяў-запаведнікаў пачалося летась і актыўна развіваецца. У цяперашнім выставачным сезоне ў Мастацкай галерэі ў Полацку запланавана выстава рускіх партрэтаў XIX стагоддзя і малюнкаў вядомага пейзажыста Івана Шышкіна. А ноўгарадскіх музейшчыкаў зацікавіла міжнародная біенале акварэлі "Вада + Фарба", якая вось ужо чацвёрты раз пройдзе ў Полацку і, па вопыце мінулых выстаў, без сумневу, збярэ нямала таленавітых акварэлістаў з блізкага і далёкага замежжа. Беларуская частка біенале будзе прадстаўлена ў Ноўгарадзе на працягу верасня-кастрычніка.

У Полацку біенале адкрыецца 1 чэрвеня і працягнецца да 4 жніўня, затым работы будуць прадстаўлены ў Палацы мастацтваў у Мінску. Па словах Ларысы Лысенка, творчыя саюзы мастакоў ужо прыступілі да адбору работ. Акрамя знаёмства з работамі на біенале па традыцыі пройдзе сімпозіум-канферэнцыя "Акварэль як адлюстраванне сучаснасці", дзе мастакі і мастацтвазнаўцы абмяркуюць актуальныя праблемы сучаснай акварэлістыкі, пазнаёмяцца з тэндэнцыямі развіцця нацыянальных акварэльных школ.


Фота: museum.by