Беларускі тэатр «Лялька» адкрывае сезон казкай для дзяцей і «Дэкамеронам» для дарослых

22 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Беларускі тэатр "Лялька" у Віцебску адкрывае 25-ы сезон 3 кастрычніка казкай для дзяцей і "Дэкамеронам" для дарослых, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры. Раніцай на ўжо знаёмую казку "Жыў-быў Заяц" запрашаюцца юныя тэатралы горада. У гонар адкрыцця сезона перад пачаткам спектакля для іх адбудзецца маляўнічае свята і канцэрт з удзелам артыстаў тэатра. Увечары гэтага ж дня гасцямі "Лялькі" стануць дарослыя гледачы, увазе якіх будзе прапанаваны знакаміты "Дэкамерон" Джавані Бакача. Прэм'ера гэтай пастаноўкі адбылася ў ліпені, але шырокай увазе публікі яна будзе прапанавана толькі ў гэтым сезоне. Папярэднічаць вечаровы спектакль, як і для дзяцей, будзе ўрачыстая цырымонія. Аднак у гэты раз галоўнымі героямі на ёй стануць непасрэдна артысты "Лялькі": лепшым з іх будуць уручаны ўзнагароды ў намінацыях за лепшую мужчынскую і жаночую ролю, а таксама "Дэбют сезона". У цэлым 25-ы сезон будзе насычаны падзеямі. Так, 20 кастрычніка ў тэатры адбудзецца "Баль у гонар Агінскага". У лістападзе трупа "Лялькі" на запрашэнне Ольштынскага тэатра лялек са спектаклем "Жыў-быў Заяц" адправіцца на гастролі ў Польшчу, а ў снежні - у Бухарэст (Румынія) для ўдзелу ў Міжнародным фестывалі лялечных тэатраў. У 2011 годзе артысты "Лялькі" плануюць прадэманстраваць дзве прэм'еры: у лютым юныя гледачы ўбачаць пастаноўку "Прынцэса і Свінапас" па казцы Г.-Х.Андэрсена, а ў ліпені - дыпломны спектакль "Шчырае веліканскае" прадставіць выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў Ірына Багданава. Акрамя таго, на працягу ўсяго сезона для дзяцей будуць праводзіцца розныя конкурсы.-0-