Настаўнікаў Беларусі навучаць навінкам IT-тэхналогій у Оршы
На працягу тыдня 47 педагогаў, якія прадстаўляюць 15 устаноў адукацыі з васьмі гарадоў Беларусі, будуць навучацца праграмаванню ў асяроддзі «Scratch» і методыцы правядзення заняткаў на базе IT-акадэміі «КомпАс» у Оршы.
З дапамогай трэнераў рэгіянальных IT-акадэмій, выкладчыкаў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Парка высокіх тэхналогій настаўнікі пачатковых класаў і інфарматыкі ўжо пачалі асвойваць курс тэарэтычных ведаў і практычных заняткаў у рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта. У ходзе трэнінгу яго ўдзельнікі вывучаць асновы арганізацыі пазакласнай дзейнасці з выкарыстаннем асяроддзя «Scratch», адпрацуюць схемы пабудовы факультатываў, навыкі каманднай працы. І ўжо з верасня змогуць рэалізоўваць ініцыятыву «Праграмаванне — другая пісьменнасць» у сваіх установах адукацыі.
— Мы пачынаем з малога, але мэты нашы глабальныя, — падкрэсліў на сустрэчы з педагогамі намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч. – У перспектыве гаворка ідзе аб стварэнні новага асяроддзя адукацыі, дзе актыўны пошук, фарміраванне ў школьнікаў лагічнага і алгарытмічнага мыслення стануць неад'емнай часткай навучальных праграм. Праект стане выдатным інструментам у вырашэнні задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі. Ён дазваляе працаваць з дзецьмі з ранняга ўзросту, дапамагаючы іх развіццю. Атрыманыя школьнікамі навыкі спатрэбяцца ім незалежна ад будучай прафесіі.
Як распавёў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, з новага навучальнага года ў 15 школах краіны (Прыдзвінне прадстаўляюць Віцебск, Орша, Наваполацк) будуць рэалізоўвацца праграмы факультатыўных заняткаў, пачынаючы з 2-га класа. Школьнікі змогуць з дапамогай камп'ютарных праграм аніміраваць літаратурныя творы, у гульнявой форме вывучаць матэматыку, мовы. Характэрна і тое, што дзеці будуць не проста гуляць у камп'ютарныя гульні, на што часта наракаюць бацькі, а самі іх ствараць. Беларускі інавацыйны праект унікальны, так як рэалізуецца з удзелам вядучых кампаній – рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.
Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці".