Беларускіх кіроўцаў пачалі прыцягваць да адказнасці з дапамогай відэафіксацыі
11 лістапада, Мінск /Андрэй Асфура – БЕЛТА/. У Беларусі фіксаваць парушэнні правілаў дарожнага руху і прыцягваць за гэта да адказнасці пачалі з дапамогай відэакамер. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам намеснік начальніка УДАІ МУС Беларусі Максім Падбярозкін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У цяперашні час цэнтр апрацоўкі даных відэафіксацыі парушэнняў ПДР існуе і функцыянуе, сказаў намеснік начальніка УДАІ МУС. Адзінае, існуе тэхнічная затрымка запуску сістэмы на поўную магутнасць. База даных ужо створана, механізм адладжаны, аднак для таго, каб запусціць сістэму відэафіксацыі на поўную моц, патрабуецца пэўны час, паколькі сістэма гэтая тэхналагічна складаная і ў выпадку памылкі можа даць збой. Юрыдычны бок запуску сістэмы відэафіксацыі цалкам адпрацаваны.
"Мы не хочам дапускаць памылак, паколькі калі пачнуцца збоі, паступяць і скаргі", - прызнаўся Максім Падбярозкін.
Сёння ў сістэме працуюць больш за 20 камер, а ў найбліжэйшай будучыні іх колькасць павялічыцца ў некалькі разоў.
Намеснік начальніка УДАІ МУС таксама адзначыў, што кіроўцы, якім прыйшлі лісты са здымкамі, атрыманымі дзякуючы сістэме відэафіксацыі, пакуль не падалі ніводнай скаргі.
На пачатку кастрычніка ў Беларусі ўступіў у сілу ўказ №454, які дазваляе штрафаваць уладальнікаў аўтамашын за перавышэнне хуткасці на аснове даных спецыяльных прыбораў фота- і відэафіксацыі. Згодна з дакументам, калі за рулём у момант фіксацыі парушэння знаходзіўся замежны грамадзянін або чалавек, які не мае грамадзянства, у яго вымаюць пасведчанне кіроўцы да выканання адміністрацыйнага спагнання, аб чым складаецца пратакол. Узамен выдаецца часовы дазвол. Аднак такая санкцыя непрымяняльная да тых, хто пастаянна пражывае ў Беларусі. Указ прадугледжвае і памер штрафу для некаторых выпадкаў. Напрыклад, кіроўца машыны, якая належыць юрыдычнай асобе, будзе аштрафаваны па ніжнім мяжы. У выпадку яго нявызначанасці ў санкцыі артыкула Асаблівай часткі КоАП, памер штрафу складае 0,5 базавай велічыні (цяпер адна базавая велічыня роўная Br35 тыс.).-0-