Беларуска-італьянскае прадпрыемства "Дынама Праграм Орша" інвестуе ў абнаўленне вытворчасці Br60 млн.
29 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло — БЕЛТА/. Беларуска-італьянскае сумеснае швейнае прадпрыемства "Дынама Праграм Ворша" мае намер у бягучым годзе інвесціраваць Br60 млн. у абнаўленне вытворчых фондаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара Галіна Іванова.
Значная частка сумы — Br26 млн. — будзе накіравана на абнаўленне парку швейнага абсталявання. Новыя высокапрадукцыйныя ўніверсальныя і двухігольныя машыны дазволяць выпускаць тэхналагічна больш складаныя вырабы.
Яшчэ адным значным артыкулам укладанняў стане замена састарэлага электраабсталявання на энергазберагальнае. Так, замена сілавога трансфарматара дазволіць у год зэканоміць электраэнергіі на суму Br10,8 млн. Яшчэ 30% электраэнергіі плануецца зберагчы за кошт устаноўкі лямпаў з павышанай светлааддачай узамен старых.
Рэалізацыя інвестыцыйнай праграмы будзе праводзіцца за кошт уласных сродкаў прадпрыемства.
Важная задача прадпрыемства — знізіць аб'ём вытворчасці па давальчай схеме, адзначыла Галіна Іванова. Калі ў мінулым годзе такім чынам выпускалася 45,4% прадукцыі ў супастаўных цэнах, то за шэсць месяцаў бягучага года гэты паказчык знізіўся да 35%. У гэтым годзе прадпрыемства працуе па такой схеме з вядомымі замежнымі вытворцамі спартыўных тавараў, сярод якіх Champion, Аdidas і іншыя. Тэмп росту экспарту ў студзені-чэрвені склаў 158%.
"Дынама Праграм Ворша" заснавана ў 1998 годзе ў адпаведнасці з дагаворам беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства "Дынама" з італьянскай кампаніяй "Уніформс Праграм". Прадпрыемства спецыялізуецца ў асноўным на выпуску трыкатажных і швейных вырабаў для спорту і адпачынку.-0-