Беларуска-італьянскае прадпрыемства ў Бегамлі будзе выпускаць посуд з антыпрыгарным пакрыццём
21 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. РВУП "Бегамльскі завод "Ветразь" (Віцебская вобласць) сумесна з італьянскімі партнёрамі плануе ў 2011 годзе стварыць вытворчасць антыпрыгарнага посуду, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Анатоль Сіўко.
Праект коштам 3,5 млн. еўра прадугледжвае ўстаноўку дзвюх ліній па вытворчасці алюмініевага посуду з антыпрыгарным пакрыццём на вытворчай пляцоўцы ў Бегамлі. Першапачаткова плануецца наладзіць выпуск патэльняў рознага дыяметра, у афармленні посуду будуць выкарыстоўвацца дызайнерскія рашэнні італьянскіх спецыялістаў. У далейшым наменклатура вырабаў можа быць пашырана. Праект рэалізуецца сумесна з кампаніяй "Джыарэці".
Вытворчыя магутнасці сумеснай беларуска-італьянскай прадпрыемства дазволяць штомесяц выпускаць да 200 тыс. вырабаў. Для рэалізацыі прадукцыі партнёры маюць намер стварыць дылерскую сетку па Беларусі, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама наладзіць экспарт у краіны Балтыі, Расію і Украіну. Пачатак вытворчай дзейнасці запланаваны на канец першага квартала будучага года.
РВУП "Бегамльскі завод "Ветразь" у 2007 годзе стаў даччыным прадпрыемствам РВУП "Магілёўліфтмаш", да гэтага ўваходзіў у склад віцебскага РВУП "Маналіт". Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці камплектуючых для ліфтоў для галоўнага прадпрыемства.-0-