Беларуска-латвійскі бізнес-форум у Віцебску 2018: шэраг пагадненняў і гатоўнасць кіраўніцтва вобласці курыраваць кожны інвестпраект па выніках форуму

Белорусско-латвийский бизнес-форум в Витебске 2018: ряд соглашений и готовность руководства области курировать каждый инвестпроект по итогам форума
Двухдневны беларуска-латвійскі бізнес-форум у Віцебску, які завяршаецца сёння, 30 лістапада, аказаўся беспрэцэдэнтным па складзе гасцявых дэлегацый. Адпаведнымі былі і ініцыятывы прымаючага боку. Сярод найбольш рэзанансных прапаноў — кіраўніцтва вобласці гатова курыраваць кожны інвестыцыйны праект, які зародзіцца па выніках галоўнай у рэгіёне дзелавой падзеі восені 2018 года.

 

Віцебшчына даўно і актыўна ўзаемадзейнічае з размешчанымі ў памежжы раёнамі прыбалтыйскай краіны. На гэты раз у абласным цэнтры была прадстаўлена ўся Латвія: цікавасць да мерапрыемства праявілі кіраўнікі больш як 20 мясцовых самакіраванняў, а таксама прадстаўнікі парадку 35 прадпрыемстваў і арганізацый, гатовых пашыраць тут бізнес або зацікаўленых у пошуку дзелавых партнёраў у Беларусі.

 

 

 

— Такі шырокі ўдзел надае асаблівы статус форуму, на пляцоўках якога органы мясцовага самакіравання, дзяржаўныя арганізацыі, прыватны бізнес атрымалі магчымасць пазнаёміцца, абмеркаваць бягучыя пытанні і дамовіцца аб будучых праектах, — адзначыў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў.

Віцебшчына гатова выступіць пастаяннай перамоўнай пляцоўкай для рэгіёнаў-пабрацімаў дзвюх краін. Сярод найбольш перспектыўных напрамкаў дзелавога супрацоўніцтва кіраўнік вобласці вылучыў транспартна-лагістычную сферу, дрэваапрацоўку, лёгкую прамысловасць і турызм. Тут мы можам быць карысныя і эфектыўна дапаўняць адзін аднаго, выкарыстоўваючы перавагі і вопыт работы як у ЕС, так і ў ЕАЭС. 

 

 

У ходзе мерапрыемстваў форуму яго ўдзельнікі пашырылі перспектыўны парадак дня дзелавога супрацоўніцтва. На думку Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Латвіі ў Рэспубліцы Беларусь Марціньша Вірсіса, у яго абавязкова павінна ўваходзіць IT-сфера. «З прыняццем Дэкрэта №8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» Беларусь зрабіла вялікі рывок наперад і стала вельмі цікавай сур'ёзным гульцам гэтага бізнесу», — лічыць спадар Вірсіс.

 

 

 

Кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Латвійскага агенцтва інвестыцый і развіцця Георгій Ваявода: Асновай для паспяховага ўзаемадзеяння ў сферы інфармацыйных тэхналогій служаць поспехі Беларусі ў гэтым напрамку, а таксама заканадаўства, якое стварае спрыяльнае асяроддзе для развіцця IT. Ёсць і матывуючы прыклад — праца беларускага Парка высокіх тэхналогій.

Адным з вядучых галін для развіцця сумеснай дзейнасці застаецца дрэваапрацоўка. Але і тут ёсць месца для навацый, якія звязаны зноў жа з інфармацыйнымі тэхналогіямі.

 

 

 

Дэлегацыя АТ «Дзяржаўныя лясы Латвіі» прэзентавала на форуме IT-рашэнні па кіраванні лясным фондам. Як растлумачыла афіцыйны прадстаўнік таварыства Аліна Чакстэрэ, гэтыя тэхналогіі даюць магчымасць аўтаматызаваць усе бізнес-працэсы лесагаспадарчых арганізацый ад інвентарызацыі дзялянак да лагістыкі (напрыклад, вызначэнне аптымальнага маршруту вывазу драўніны з участку канкрэтнаму спажыўцу).

 

 

 

Кіраўнік даўгаўпілскага Клуба прадпрымальнікаў Anchor Міхаіл Лаўрэнаў прыехаў на форум з даручэннямі ад членаў бізнес-саюза знайсці партнёраў у машынабудаванні, гасцінічным бізнесе і ў сферы кіравання нерухомасцю. Добрым падспор'ем для гэтага стане падпісаны на форуме дагавор аб супрацоўніцтве паміж Anchor і Віцебскім абласным саюзам наймальнікаў.

Хоць Клуб прадпрымальнікаў з'явіўся каля года таму, гісторыя дзелавога партнёрства яго ўдзельнікаў з наймальнікамі Віцебшчыны налічвае не адзін дзясятак гадоў. Справа ў тым, што бізнес-саюз створаны на базе Савета дырэктараў і прадпрымальнікаў Даўгаўпілса, які супрацоўнічаў з віцебскімі калегамі яшчэ з часоў Савецкага Саюза.

 

 

 

Гэты факт можна лічыць характэрным для беларуска-латвійскіх адносін. І такіх набяруцца дзясяткі. Напрыклад, латвійскае бюро Еўрарэгіёна «Азёрны край» вядзе сумесныя праекты з прыгранічнымі раёнамі Віцебшчыны больш за 15 гадоў. На форуме арганізацыя падпісала пагадненне аб намеры супрацоўніцтва з упраўленнем спорту і турызму аблвыканкама.

Кіраўніца бюро Ілзе Стабулніеце глядзіць з аптымізмам на перспектыву пашырэння партнёрства і гатова прапанаваць актывізаваць развіццё пазнавальнага і гастранамічнага турызму.

Акрамя таго, дагавор аб супрацоўніцтве паміж Шаркаўшчынскім раёнам і Айзкраўкльскім краем Латвіі падпісалі старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака і старшыня краёвай Думы Леонс Лідумс. Намеры ўсталяваць больш цесныя кантакты паміж рэгіёнамі змацавалі подпісамі пад адпаведнымі дакументамі кіраўнікі Верхнядзвінскага раёна і Дагдскага краю, Гарадоцкага раёна і Аматскага краю, Глыбоцкага раёна і Інчукалнскага краю.

 

 

Як падкрэсліў старшыня Саюза самакіраванняў Латвіі Гінц Каінскіс, задача органаў мясцовага самакіравання — адкрыць дзверы для бізнесу, а сумесная паспяховая праца дзелавой супольнасці ў выніку будзе павышаць дабрабыт народаў дзвюх краін.

"Віцебскія весці".