Беларуска-латвійскі турпраект "Бела Дзвіна" паспяхова прэзентаваны ў еўрарэгіёне "Паміна"

23 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Трансгранічныя турыстычныя зоны беларуска-латвійская "Бела Дзвіна" і германа-французская "Рэйнскі парк Паміна" наладзілі партнёрскія сувязі і маюць намер абменьвацца вопытам работы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай Ільюшонак. Дамоўленасць дасягнута ў ходзе вучэбнага візіту беларускіх і латвійскіх удзельнікаў праекта "Бела Дзвіна - падарожнічаючы праз межы, адкрываючы культуру, атрымліваючы асалоду ад прыроды рэгіёна Заходняя Дзвіна/Даугава" ("Бела Дзвіна") у германа-французскі еўрарэгіён "Паміна", у які ўваходзяць Паўднёвы Пфальц, Сярэдні Верхні Рэйн (ФРГ) і Паўночны Эльзас (Францыя). Беларуска-латвійская дэлегацыя азнаёмілася з работай турысцка-інфармацыйных цэнтраў, агледзела аб'екты турыстычнай інфраструктуры. Па словах Мікалая Ільюшонка, заслугоўвае ўвагі вопыт развіцця сямейнага велатурызму - фінансава малазатратнага, але якім карыстаецца велізарнай папулярнасцю. На сустрэчы нямецкія і французскія эксперты прапанавалі практычныя рэкамендацыі па маркетынгавым прасоўванні прадукту "Бела Дзвіна" на мясцовым і міжнародным узроўні. Для замежных партнёраў прадстаўнікі праекта "Бела Дзвіна" арганізавалі паспяховую прэзентацыю не толькі свайго дзіцяці, але і Віцебскай вобласці, а таксама прадставілі стратэгію развіцця турызму Полацкай, Віцебскай і Браслаўскай турыстычных зон. Кіраўніцтва "Рэйнскага парка Паміна" зацікавіў вопыт работы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. З яго дзейнасцю і трансгранічнай зонай "Бела Дзвіна" яны маюць намер азнаёміцца восенню, падчас адказнага візіту. Асноўная мэта праекта "Бела Дзвіна - падарожнічаючы праз межы" - стварэнне трансгранічнай турыстычнай прасторы ўздоўж Заходняй Дзвіны-Даугавы паміж Даўгаўпілсам, Полацкам і Віцебскам. Акрамя гарадоў у праект уключаны Верхнядзвінскі, Расонскі, Бешанковіцкі, Мёрскі, Шаркаўшчынскі, Полацкі, Віцебскі раёны і 6 раёнаў Латвіі. Рэалізацыя праграмы разлічана на 2 гады. Сафінансаванне праекта ажыццяўляецца пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі ў рамках праграмы "Рэгіён Балтыйскага мора - ІНТЭРРЕГ IIIВ - Праграма Добрасуседства - ІНТЭРРЕГ IIIА - Прыярытэт Латвія-Літва-Беларусь (Поўдзень)". Сродкі будуць выдзелены на развіццё турыстычнай галіны суседніх рэгіёнаў Беларусі і Латвіі, стварэнне сучаснай інфраструктуры і закупку абсталявання для турыстаў. -0-