Беларуска-расійскі фільм «Брэсцкая крэпасць» вылучаны на прэмію «Ніка» ў васьмі намінацыях

10 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Адразу ў васьмі намінацыях вылучаны на расійскую нацыянальную кінематаграфічную прэмію "Ніка" першы кінапраект Саюзнай дзяржавы ваенна-патрыятычная драма "Брэсцкая крэпасць". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы "ТРВА Саюза", якая сумесна з кінастудыяй "Беларусьфільм" стварыла кінакарціну. У галоўнай намінацыі "Найлепшы фільм" "Брэсцкая крэпасць" будзе змагацца з карцінамі "Як я правёў гэтым летам", "Кочагар", "Край" і "Аўсянкі". Акрамя таго, лента вылучана на "Ніку" ў намінацыях "Найлепшая рэжысёрская праца", "Найлепшая праца гукарэжысёра", "Найлепшая праца мастака", "Найлепшая праца мастака па касцюмах", "Найлепшая мужчынская роля" (Павел Дзервянко), "Найлепшая мужчынская роля другога плана" (Яўгеній Цыганаў) і "Адкрыццё года" (Алеша Копашоў). Цырымонія ўручэння прэміі "Ніка" адбудзецца ў Маскве 7 красавіка. Нагадаем, зусім нядаўна фільм "Брэсцкая крэпасць" выйграў у дзвюх намінацыях ("Найлепшая праца гукарэжысёра" і "Найлепшы мантаж") іншай расійскай кінапрэміі - "Залаты арол", заснаванай Нацыянальнай Акадэміяй кінематаграфічных мастацтваў і навук Расіі. -0-