Беларуска-расійскае прадпрыемства "Грандзіскар" створыць вытворчасць спецаўтатэхнікі ў СЭЗ "Віцебск"
1 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Адміністрацыя СЭЗ "Віцебск" зарэгістравала ў якасці рэзідэнтаў СЭЗ беларуска-расійскае СТАА "Грандзіскар", замежнае прадпрыемства з латвійскім капіталам "Дыя-Пласт" і ЗАТ "Пажтэхніка", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле інвестыцый і знешнеэканамічных сувязей СЭЗ.
Інвестпраект СТАА "Грандзіскар" прадугледжвае стварэнне вытворчасці аўтатранспарту спецыяльнага прызначэння магутнасцю да 1,2 тыс. машын у год. На гэтыя мэты беларуска-расійскі тандэм заснавальнікаў плануе накіраваць больш за 2,5 млн. еўра. Прадпрыемства мае намер выпускаць спецаўтатэхніку на базе шасі Ford, Peugeot і Iveco ў разнастайнай камплектацыі, у тым ліку машыны хуткай меддапамогі, мікрааўтобусы для сілавых структур, ізатэрмічныя фургоны і машыны для перавозкі прадуктаў, аўтамабілі для рытуальных паслуг, эвакуатары, грузавыя таксі. У аснове вытворчага працэсу будзе выкарыстоўвацца тэхналогія буйнавузлавой зборкі. Завод размесціцца на тэрыторыі былой авіяцыйнай базы, якая з'яўляецца адной з пляцовак СЭЗ. У ходзе рэалізацыі праекта прадугледжваецца стварэнне каля 50 рабочых месцаў. Асноўная доля тэхнікі будзе рэалізоўвацца на рынку Расіі, часткова прадукцыя будзе пастаўляцца беларускім заказчыкам.
Замежнае прадпрыемства "Дыя-Пласт" створана з удзелам латвійскіх інвестараў, якія маюць намер арганізаваць вытворчасць шматфункцыянальнай палімернай упакоўкі, якая выкарыстоўваецца ў тым ліку для ўпакоўкі хімічна актыўных рэчываў. Кошт інвестыцыйнага праекта складае каля 1 млн. еўра, прадугледжваецца стварэнне амаль 60 рабочых месцаў. Больш за 80% вырабленай прадукцыі плануецца экспартаваць у Расію і краіны Балтыі.
Інвестыцыйны праект ЗАТ "Пажтэхніка" коштам амаль $5 млн. прадугледжвае мадэрнізацыю дзеючай вытворчасці сродкаў пажаратушэння і пажарнага інвентара, што дазволіць прадпрыемству павысіць якасць прадукцыі і наладзіць серыйны выпуск новай лінейкі вырабаў. Пры рэалізацыі праекта будзе створана 100 рабочых месцаў.
СЭЗ "Віцебск" утворана ў жніўні 1999 года. У цяперашні час у СЭЗ зарэгістравана 37 рэзідэнтаў, з якіх больш за 60% сумесныя і замежныя прадпрыемствы. Аснову прамысловага патэнцыялу СЭЗ складаюць прадпрыемствы, якія працуюць у сферы машынабудавання, дрэваапрацоўкі, харчовай, хімічнай, паліўнай і лёгкай прамысловасці. Тэрыторыя свабоднай эканамічнай зоны ўключае сем сектараў агульнай плошчай больш за 1,2 тыс.га.-0-