Беларускае бюро Еўрарэгіёна «Азёрны край» адкрылася ў Глыбокім
Хлебам-соллю сустракалі замежных гасцей, якія прысутнічалі на адкрыцці офіса Беларускага бюро Еўрарэгіёна «Азёрны край» у Глыбокім.
Дырэктары Літоўскага, Латвійскага і Беларускага бюро Ліна Сталяўскене, Ілзе Стабулніеце і Міхаіл Арэхаў сумесна са старшынёй Глыбоцкага райсавета дэпутатаў Галінай Унуковіч перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку на парозе новага будынка. Госці падзякавалі кіраўніцтва раёна за садзейнічанне ў рэалізацыі мерапрыемстваў, наладжванне цесных партнёрскіх узаемаадносін. Па словах Галіны Унуковіч, частыя сустрэчы сяброў спрыяюць развіццю трансгранічнага супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесным праектаў, у тым ліку накіраваных на захаванне і прымнажэнне культурных і гістарычных каштоўнасцей.
— Адкрыццё Беларускага бюро — важная падзея для 16-гадовай гісторыі Еўрарэгіёна, які аб'ядноўвае 30 самакіраванняў Літвы, Латвіі і Беларусі, — сказала дырэктар Латвійскага бюро Ілзе Стабулніеце. — Глыбоцкі раён на працягу апошніх гадоў праяўляе вялікую актыўнасць, зацікаўленасць у вырашэнні сумесным задач, умацаванні сяброўскіх адносін. На самым буйным для «Азёрнага краю» інвестыцыйным форуме, які праходзіў год таму ў Глыбокім, былі агавораны многія важныя пытанні, разгледжаны цікавыя ідэі, прапанаваны амбіцыйныя планы. Калі за 15 папярэдніх гадоў было прыцягнута 13 млн еўра, то за бліжэйшую пяцігодку плануецца рэалізаваць каля 20 млн.
Праект «Трэці крок у стратэгіі Еўрарэгіёна «Азёрны край — планаванне сумеснай будучыні для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця латвійска-літоўска-беларускіх тэрыторый» завяршаецца ў жніўні. Над яго рэалізацыяй працавалі больш за 500 спецыялістаў трох суседніх краін. Адкрыццё бюро — адна з важных складнікаў мерапрыемстваў гэтага праекта. Міхаіл Арэхаў адзначыў, што наступная стратэгія развіцця Еўрарэгіёна будзе накіравана на ўмацаванне сумеснай дзейнасці прыгранічных раёнаў Беларусі.
— Раней існавалі асобныя праекты, якія рэалізоўваліся ў асобных рэгіёнах. «Трэці крок» дапамог аб'яднаць, згуртаваць восем раёнаў Віцебшчыны (а нядаўна ў склад Еўрарэгіёна ўключылі яшчэ і Шаркаўшчыну), накіраваць на плённае супрацоўніцтва. Прапанаваныя ідэі закранаюць розныя сферы дзейнасці і датычацца, напрыклад, выкарыстання сучасных тэхналогій у энергазберажэнні, будаўніцтве, ахове навакольнага асяроддзя.
На дадзены момант у рэалізацыі трансгранічных праектаў з боку Беларусі актыўна ўдзельнічаюць аддзелы адукацыі, установы аховы здароўя, культуры. Арганізуюцца сумесныя мерапрыемствы, акцыі, якія дапамагаюць данесці патрэбную інфармацыю да насельніцтва. Напрыклад, праект па фарміраванні здаровага ладу жыцця спрыяе вывучэнню асаблівасцей здароўя розных узроставых катэгорый.
Па словах Міхаіла Арэхава, акрамя гэтага, 10 раёнаў нашай краіны сумесна з 4 рэгіёнамі Малдовы актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі важнага экалагічнага праекта, арганізаванага на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Для гэтых мэт беларусам прадастаўляецца 500 тыс. еўра, малдаване – 200 тыс. Таксама глубочане і іх суседзі займаюцца праектамі па ачыстцы малых рэк, ахове паркавых тэрыторый і г.д.
Дыяна Берніковіч, "Віцебскія весці"