«Беларускае лета - 2016» збярэ ў Віцебскай вобласці гасцей з Еўропы, Азіі, Афрыкі
Міжнародны фестывальны праект "Беларускае лета - 2016" збярэ 19-28 жніўня ў Віцебскай вобласці прадстаўнікоў Еўропы, Азіі і Афрыкі, паведаміла адзін з ініцыятараў праекта, дырэктар ТАА "РайдоТур" Віялета Грудская.
Галоўным звязваючым элементам праекта стаў спочан (спартыўная чанбара), а менавіта - першы міжнародны фестываль з турнірам па гэтым відзе японскага баявога мастацтва на бяспечных мячах.
"Праграма праекта і геаграфія ўдзельнікаў яшчэ пашыраюцца. Цяпер да нас далучыліся нават спартсмены спочан з Афрыкі. А да мультыкультурнага складніку, акрамя заяўленых раней фестывалю "Яблычны Спас" у Шаркаўшчыне, міжнароднага фестывалю міфалогіі "У госці да Лепельскага Цмока", дадаўся яшчэ і косплей па матывах "Зорных войнаў". Мы запрашаем усіх зацікаўленых да супрацоўніцтва, а жыхароў Беларусі - прыняць удзел у гэтых мерапрыемствах", - адзначыла Віялета Грудская. "Для спартсменаў усе гэтыя культурныя мерапрыемствы пройдуць вакол галоўнай падзеі - адкрытага турніру па спочан "Belarus Open - 2016" - і зробяць знаходжанне яго ўдзельнікаў на віцебскай зямлі яшчэ больш займальным", - упэўнены кіраўнік Беларускай федэрацыі спочан Андрэй Калістоў.
У тым ліку з дапамогай спочан, які хуткімі тэмпамі развіваецца ў нашай краіне, арганізатары разлічваюць прыцягнуць увагу замежных гасцей да турыстычнага патэнцыялу Віцебскага рэгіёна. Удзельнікаў "Belarus Open - 2016" прыме на сваёй базе санаторый "Лясное" у Докшыцкім раёне. Сам турнір пройдзе 26 жніўня.
У астатнія дні вядучыя трэнеры з Японіі, Расіі, Італіі, Эстоніі і Уганды правядуць майстар-класы, таксама адбудзецца міжнародны судзейскі семінар па правілах ISCA з наступнай атэстацыяй. Пра гэта прадстаўнікі Краіны узыходзячага сонца заявілі на нядаўнім Чэмпіянаце Еўропы ў Парыжы. Дарэчы, беларуская каманда ўпершыню прымала ўдзел у спаборніцтвах такога узроўню і вельмі паспяхова: бронзу заваявала віцебская спартсменка Марыя Татарынава ў паядынках на кароткіх мячах (кодачы).
«Беларускае лета - 2016» ініцыявалі туроператар ТАА «РайдоТур» (Віцебск) і Беларуская федэрацыя спочан. Праект падтрымалі райвыканкамы задзейнічаных тэрыторый - Шаркаўшчынскі, Лепельскі, Докшыцкі і Глыбокскі. Да спісу арганізатараў далучыліся Нацыянальнае агенцтва па турызме Міністэрства спорту і турызму, упраўленне спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама і ДУ «Санаторый «Лясное» КДБ РБ. Партнёрамі выступаюць Міжрэгіянальная грамадская арганізацыя развіцця спочан Расіі і Міжнародная асацыяцыя спочан.
Кацярына Князева - БЕЛТА.