Беларускую сельгастэхніку плануецца прадаваць гаспадаркам у 2011 годзе на ўмовах арэнды з патанненнем на 50%
19 кастрычніка, Мінск /Таццяна Лобас - БЕЛТА/. У Беларусі сельгастэхніку, распрацаваную па дзяржпраграмах, у 2011 годзе плануецца рэалізоўваць гаспадаркам на ўмовах доўгатэрміновай арэнды з патанненнем на 50% за кошт дзяржавы. Аб гэтым паведаміў на міжнароднай канферэнцыі "Навукова-тэхнічны прагрэс у сельскагаспадарчай вытворчасці" генеральны дырэктар НПЦ па механізацыі сельскай гаспадаркі НАН Беларусі кандыдат эканамічных навук Уладзімір Самасюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Такое рашэнне плануецца прыняць на аснове больш дэталёвага вывучэння гэтага пытання з удзелам вядучых вучоных, канструктараў у галіне сельгасмашынабудавання. "У 2011 годзе будзе зніжаны на 50% кошт тэхнікі, якая распрацавана па дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах. Такім чынам, нам, распрацоўшчыкам і канструктарам, будзе лягчэй укараняць свае распрацоўкі. Гэта наша вялікае дасягненне, і яно пойдзе толькі на карысць айчыннай навуцы і беларускім вытворцам", - падкрэсліў Уладзімір Самасюк.
Гендырэктар цэнтра паведаміў таксама, што ў цяперашні час распрацавана Канцэпцыя сістэмы перспектыўных машын на 2011-2015 гады, якая прадугледжвае канкрэтны пералік тэхнікі для кожнай галіны АПК. "Гэта будуць машыны і абсталяванне новага пакалення, якія дазволяць аптымізаваць капiтаLANня на перааснашчэнне парку, забяспечыць істотны рост прадукцыйнасці працы, знізіць энерга- і рэсурсаспажыванне, стварыць спрыяльныя ўмовы для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і ў выніку павысіць яе канкурэнтаздольнасць", - падкрэсліў кіраўнік.
У канцэпцыю, распрацаваную НАН, Мінпрамам і Мінсельгаспрадам, уключана 435 найменняў машын і абсталявання, у тым ліку 327 - для раслінаводства і 108 - для прадукцыі жывёлагадоўлі.
На думку Уладзіміра Самасюка, найбольш перспектыўным напрамкам павінна стаць стварэнне новых трактароў і камбайнаў з магутнасцю рухавіка да 350 л.з. Па разліках спецыялістаў, удзельная вага энерганасычаных трактароў з магутнасцю рухавіка звыш 300 л.з. павінна скласці ў новай пяцігодцы не менш за 15%, або 8 тыс. адзінак. Трэба будзе распрацаваць і асвоіць вытворчасць глебаапрацоўчых агрэгатаў блочна-мадульнага тыпу з шырынёй захопу 9 м і 12 м. У якасці замежнага аналага можа быць узяты агрэгат Pronto DS фірмы Horsch (Германія).
Будуць распрацаваны сеялкі прамога пасеву з захопам 6 м. Плануецца ўкараніць новыя тыпы машын для ўнясення ўгнаенняў, якія былі б больш рухомымі на пераўвільготненым полі. У цяперашні час тэмпы абнаўлення такіх машын не перавышаюць 1-2% у год. Гэта ў 5-10 разоў ніжэй за патрабаваныя інавацыі. Гаспадаркі маюць патрэбу ў збожжасховішчах сіласнага тыпу, магутнасць якіх у цэлым па рэспубліцы павінна забяспечыць захоўванне не менш за 6 млн.т збожжа.
Актуальнай праблемай, на думку вучонага, застаецца забеспячэнне гаспадарак якасным пасяўным матэрыялам. Для гэтага ў Беларусі прадугледжваецца ў новай пяцігодцы будаўніцтва 40 насенных заводаў і ліній прадукцыйнасцю 5-12 тыс.т насення ў год. Вучоныя гатовыя прадаставіць гаспадаркам канструкцыі такіх ліній.
Па замове вёскі будуць створаны самаходны бульбаўборачны камбайн, комплекс машын для ўборкі морквы і сталовых буракоў, мадульная сушылка кантэйнернага тыпу для цыбулі-сеўкі, камплект абсталявання для стварэння мікраклімату ў агароднінасховішчах.
Рэалізацыя Канцэпцыі сістэмы перспектыўных машын пры поўным яе асваенні дазволіць знізіць эксплуатацыйныя затраты пры вытворчасці азімай пшаніцы і яравога ячменю да 20%, цукровых буракоў - да 10%, кукурузы на сілас - да 15%, бульбы - да 40%, затраты на паліва пры вытворчасці азімай пшаніцы і яравога ячменю - да 30%, цукровых буракоў - да 12%, кукурузы - да 25%, бульбы - да 45%.
У канферэнцыі прымаюць удзел вучоныя і канструктары з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Арменіі, Казахстана, Ізраіля. Форум працягнецца 20 кастрычніка. На пленарных пасяджэннях плануецца заслухаць і абмеркаваць больш за 130 дакладаў.-0-