Белавежскія зубры пасяліліся ў Верхнядзвінскім раёне

Па дамове з Нацыянальным паркам «Белавежская пушча» ў паўночны рэгіён краіны павінна пераехаць 10 асобін. Восем ужо прыбылі на новае месца – у паляўнічую гаспадарку «Чырвоны бор», сярод іх і самцы, і самкі. Каб зубры змаглі адаптавацца да непрывычных умоў, іх размясцілі ў вальеры памерам 80 гектараў. Аб жывёлах будуць клапаціцца егеры, падкармліваючы аўсом і сенам. А праз два гады перасяленцаў выпусцяць «на вольныя хлебы».
Зрэшты, як адзначылі ў паляўнічай гаспадарцы, калісьці даўно ў паўночнай частцы нашай краіны ўжо жылі зубры. Гэта пацвердзіла і Акадэмія навук Беларусі, да якой звярнулася прадпрыемства «Інтэрсэрвіс», перш чым закупляць жывёл. Толькі, маючы на руках навуковае абгрунтаванне і дазвол, вырашыліся адрадзіць калісьці існуючую мікрапапуляцыю.  Аднак ці спадабаецца цяпер белавежскім зубрам на новым месцы, пакажа час.
Варта адзначыць, што паляўнічая гаспадарка «Чырвоны бор» размяшчаецца на землях Верхнядзвінскага і Расонскага раёнаў і займае плошчу ў 58,6 тысяч гектараў. Яна карыстаецца папулярнасцю ў гасцей не толькі з Беларусі, але і з блізкага і далёкага замежжа. Цяпер у прылеглых да тэрыторыі гаспадаркі вёсках, якія апынуліся ахвярамі ўрбанізацыі, адраджаецца жыццё, вядзецца будаўніцтва турыстычнай інфраструктуры. Прадстаўнікі паляўнічай гаспадаркі спадзяюцца, што гэта дазволіць яшчэ больш прыцягнуць увагу турыстаў да цудоўнага прыдзвінскага краю.

Вольга МАСЛОЎСКАЯ.
«Віцебскі рабочы»