«Белтэлекам» прадаставіць удзельнікам ВАВ бясплатныя міжгароднія і міжнародныя тэлефонныя званкі

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. РУП "Белтэлекам" да 65-годдзя Вялікай Перамогі прадаставіць удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны бясплатныя тэлефонныя размовы ўнутры Беларусі і за яе межамі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства. Акцыя пачнецца 7 мая апоўначы і працягнецца да 24 гадзін 11 мая. Бясплатныя тэлефонныя размовы ўнутры рэспублікі будуць прадастаўлены аўтаматычным спосабам або з дапамогай тэлефаніста з хатніх тэлефонаў, абанентамі якіх з'яўляюцца ўдзельнікі ВАВ. Замовіць бясплатныя тэлефонныя размовы ўнутры рэспублікі з дапамогай тэлефаніста ва ўсіх гарадах і абласцях Беларусі можна будзе па нумарах 8-18 (для абанентаў Брэста і Брэсцкай вобласці, Віцебска і Віцебскай вобласці, Мінска і Мінскай вобласці, Магілёва і Магілёўскай вобласці) і 8-13 (для абанентаў Гомеля і Гомельскай вобласці, Гродна і Гродзенскай вобласці, а таксама Мінска і Мінскай вобласці). Акцыя не распаўсюджваецца на тэлефонныя размовы з абанентамі мабільнай сувязі, пры доступе ў Інтэрнэт і карыстанні платнымі даведачна-інфармацыйнымі службамі. Дадатковую інфармацыю аб акцыі можна даведацца па тэлефоне 153 (даведка бясплатная). Міжнародныя бясплатныя тэлефонныя размовы будуць прадастаўлены ветэранам і ўдзельнікам ВАВ з дапамогай сэрвісных тэлефонных картак наміналам 16 000 тарыфных адзінак. Службы продажаў "Белтэлекама" правядуць адрасную рассылку сэрвісных тэлефонных картак усім удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Сэрвісная тэлефонная картка дазваляе тэлефанаваць у напрамку краін СНД, у любую краіну Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Азіі і Аўстраліі на стацыянарныя або мабільныя нумары тэлефонаў. Правілы карыстання сэрвіснай тэлефоннай карткай размешчаны на адваротным баку карткі, а таксама ў "Памятцы карыстальніка СТК", якая прадастаўляецца разам з карткай. Даведкі па арганізацыі бясплатных міжнародных тэлефонных размоў у перыяд акцыі можна атрымаць па тэлефоне 176 або 8 805 100 4444 (даведка бясплатная). Бясплатныя міжнародныя тэлефонныя размовы і размовы ўнутры краіны будуць прадастаўлены Героям Савецкага Саюза, Поўным кавалерам ордэна Славы, інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам ВАВ. Акрамя таго, такая магчымасць будзе дадзена асобам, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах; асобам, узнагароджаным ордэнамі і (або) медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады ВАВ; асобам, якія працавалі на аб'ектах проціпаветранай абароны, мясцовай проціпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб'ектаў у межах тылавых межаў дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгуначных і аўтамабільных дарог, членам экіпажаў суднаў транспартнага флоту, інтэрніраваным у пачатку ВАВ у партах іншых дзяржаў; асобам, якія працавалі на прадпрыемствах, у установах і арганізацыях горада Ленінграда ў перыяд блакады з 8 верасня 1941 па 27 студзеня 1944 года і ўзнагароджаным медалём "За абарону Ленінграда", асобам, узнагароджаным знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда"; інвалідам з дзяцінства з прычыны ранення, контузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд ВАВ альбо з наступствамі ваенных дзеянняў, якія дасягнулі: мужчыны 60 гадоў, жанчыны – 55 гадоў. "Белтэлекам" - нацыянальны аператар электрасувязі Беларусі. За гады развіцця прадпрыемствам пабудавана разгалінаваная сетка тэлекамунікацый на тэрыторыі краіны, сетка магістральных валаконна-аптычных ліній сувязі з выхадам на сумежныя дзяржавы. "Белтэлекам" распрацоўвае якасна новыя тэлекамунікацыйныя сэрвісы, забяспечвае перадачу міжгароднага і міжнароднага трафіку, працу наземнай сеткі тэлевізійных і радыёвяшчальных каналаў. Для арганізацыі міжнародных каналаў спадарожнікавай сувязі эксплуатуецца комплекс наземных станцый "Телепорт". Абаненцкая база кампаніі - больш за 3,8 млн.-0-