Белтэлерадыёкампанія пакажа XX Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»

30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Белтэлерадыёкампанія пакажа XX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", які пройдзе 8-14 ліпеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі, якая на працягу многіх гадоў выступае галоўным вяшчальнікам і адным з арганізатараў форуму.

Сёлета ў эфіры Першага, "Лада", "Беларусь-ТВ" і Беларускага радыё будуць трансляцыі адкрыцця і закрыцця фестывалю, міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні, гала-канцэрты майстроў мастацтваў, юбілейныя і сольныя канцэрты. "Славянскі базар" - гэта таксама тэатральныя пастаноўкі, кінапраграма, прэс-канферэнцыі, фестывальнае жыццё Віцебска. Як адзначылі ў прэс-службе, арыентавацца ў падзеях гледачам дапамогуць спецыяльныя дзённікі, якія стартуюць у эфіры Першага канала 8 ліпеня. На працягу дня будуць з'яўляцца кароткія выпускі, а па вечарах, перад эфірамі канцэртаў, - паўнавартасныя выніковыя дзённікі. Падзеі фестывальнага Віцебска будуць асвятляцца і ў штодзённай ранішняй праграме "Добрай раніцы, Беларусь!", для чаго ў Віцебск адправіцца спецыяльная здымачная група.

Спадарожнікавы тэлеканал "Беларусь-ТВ" дазволіць убачыць канцэрты "Славянскага базару" жыхарам іншых краін і кантынентаў.

Па традыцыі актыўна ўдзельнічае ў асвятленні мерапрыемстваў міжнароднага фестывалю мастацтваў Беларускае радыё. Дзённікі, інфармацыйныя і музычныя праграмы запланаваны на Першым нацыянальным канале, канале "Культура", радыёстанцыях "Беларусь", "Сталіца" і "Радыус-FM". У вячэрнім эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё 8 ліпеня - прамая трансляцыя канцэрта адкрыцця фестывалю.-0-