БелГПП з пачатку года ўстанавіла новыя кантакты з партнёрамі з шасці краін

21 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Беларуская таргова-прамысловая палата з пачатку 2010 года выйшла на рынкі шасці краін, падпісаўшы пагадненні аб супрацоўніцтве з партнёрскімі арганізацыямі гэтых дзяржаў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня БелГПП Васіль Раманаў. Сёння ў Віцебску ён прыняў удзел у абласным сходзе членаў БелГПП. Адной з асноўных задач БелГПП з'яўляецца садзейнічанне пашырэнню знешнеэканамічных сувязей айчыннага бізнесу і выхаду беларускіх прадпрыемстваў на новыя рынкі збыту. Калі ў 2009 годзе палата ўстанавіла новыя дзелавыя кантакты з партнёрскімі арганізацыямі дзевяці краін, то за восем месяцаў бягучага года геаграфія супрацоўніцтва БелГПП пашырылася яшчэ на шэсць краін. Палата таксама паспрыяла вываду на рынкі гэтых краін прадукцыі некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Акрамя таго, да канца года запланаваны перамовы і бізнес-сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў Харватыі, Босніі і Герцагавіны. У бліжэйшыя дні адбудуцца першыя дзелавыя кантакты і перамовы з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці Рэспублікі Конга. Таксама запланаваны дзелавыя паездкі беларускай дэлегацыі ў Бразілію і Аргенціну. Цяпер БелГПП распрацоўвае стратэгію развіцця арганізацыі на 2011 год, якая прадугледжвае актывізацыю работы ў гэтым напрамку, дадаў Васіль Раманаў. Усяго БелГПП і яе абласнымі аддзяленнямі заключана больш за 850 пагадненняў аб супрацоўніцтве з партнёрскімі арганізацыямі іншых краін, у тым ліку больш за 90 дагавораў аб супрацоўніцтве па лініі федэральных палат і яшчэ звыш 120 пагадненняў БелГПП з палатамі рэгіянальнага ўзроўню. Членамі БелГПП з'яўляюцца каля 1,7 тыс. прадпрыемстваў і арганізацый, з якіх каля 80% - прадстаўнікі прыватнага бізнесу. Акрамя таго, статус члена БелГПП атрымалі пяць кітайскіх кампаній, дзве бізнес-структуры краін Еўрасаюза і адна расійская арганізацыя. Па ацэнцы міжнародных экспертаў, БелГПП працуе эфектыўна, таму цікавасць да супрацоўніцтва з палатай з боку замежных партнёраў пастаянна расце, дадаў Васіль Раманаў.-0-