«Белвест» да восеньска-зімовага сезону адкрые больш за 30 фірменных крамаў у Расіі
17 жніўня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. СТАА "Белвест" да восеньска-зімовага сезона адкрые больш за 30 фірменных магазінаў у Расіі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў канцэрне "Беллегпрам".
"Белвест" да канца жніўня збіраецца адкрыць у РФ 20 магазінаў, яшчэ 10 павінны з'явіцца ў верасні. У цяперашні час у расійскіх гарадах ужо працуе каля 40 фірменных магазінаў віцебскага вытворцы. Такім чынам, гэтай восенню іх колькасць узрасце да 70.
Абутак прадпрыемства пачне прадавацца ў Тальяці, Курску, Саратаве, Уфе, Балакаве, Ульянаўску, Сызрані, Энгельсе, Іжэўску, Беразніках, Пермі, Арэхава-Зуеве і Самары. Амаль палова ўсяго вырабленага абутку ў бягучым годзе рэалізуецца на расійскім рынку, адзначылі ў канцэрне.
За адзін восеньска-зімовы сезон кожны фірменны магазін "Белвеста" у РФ прадае да 5 тыс. пар скуранога абутку. Пастаўкі абутку ў расійскія магазіны для абнаўлення асартыменту будуць ажыццяўляцца адзін раз на тыдзень або два разы на месяц.
У студзені-ліпені бягучага года прадпрыемства вырабіла прадукцыі ў супастаўных цэнах амаль на Br80,5 млрд, што на 17,4% перавышае ўзровень адпаведнага перыяду мінулага года. Спажывецкіх тавараў выпушчана на Br76,6 млрд - на 15,5% больш.
Прадпрыемства "Белвест" утворана ў 1988 годзе віцебскай фабрыкай "Чырвоны Кастрычнік" і нямецкай кампаніяй Salamander. З канца 2002 года "Белвест" - беларуска-расійскае прадпрыемства. Вырабляе абутак пераважна з натуральнай скуры для мужчын і жанчын, у асноўным паўсядзённы, хоць у апошнія гады значна пашырана калекцыя мадэльнага абутку, а з 2009 года - і калекцыя спартыўна-паўсядзённага абутку. Два разы на год "Белвест" абнаўляе асартымент больш чым на 50%. Прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам".-0-