«Белвест» адкрыў сёлета больш за 30 фірменных крамаў у Расіі
20 лістапада, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. СТАА "Белвест" адкрыла сёлета больш за 30 фірменных магазінаў у 28 гарадах Расіі. Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА эканаміст па маркетынгавых даследаваннях прадпрыемства Вольга Клімянкова.
Такім чынам, у Расіі зараз функцыянуе 72 фірменныя магазіны "Белвеста" больш чым у 50 гарадах. Сёлета адкрыты магазіны ў такіх гарадах РФ, як Яраслаўль, Ульянаўск, Самара, Іжэўск, Уфа, Белгарад, Курск, Тальяці, Саранск. На бягучым тыдні адкрыўся магазін у Арску.
Па словах Вольгі Клімянковай, першыя фірменныя магазіны прадпрыемства ў Расіі з'явіліся ў 90-х гадах. Найбольш актыўна тавараправодная сетка развіваецца ў суседняя краіне апошнія два гады. У РФ прадаецца ўвесь асартымент абутку прадпрыемства. "У паўднёвых рэгіёнах Расіі вялікім попытам карыстаецца абутак дэмакратычнага крою, у паўночных - класічнага пашыву", - адзначыла эканаміст па маркетынгавых даследаваннях прадпрыемства. Прадаецца ў РФ абутак "Белвеста" сярэдне-нізкага і сярэдняга цэнавага сегмента.
У "Белвеста" ёсць таксама 8 фірменных магазінаў у Латвіі. У Беларусі прадпрыемства налічвае іх 27. У 2010 годзе адкрыты па адным магазіне ў Брэсце, Гомелі і Мазыры.
Другі год запар прадпрыемства прапануе свайму пакупніку навагоднюю калекцыю абутку. У складзе калекцыі сёлета налічваецца прыкладна 30 мадэляў. Для жанчын прадпрыемства прадставіць каля 20 мадэляў святочных туфляў, для мужчын - 10 мадэляў туфляў і паўчаравікаў. У параўнанні з 2009 годам навагодняя калекцыя абнавілася на 100%.
У студзені-кастрычніку бягучага года прадпрыемства вырабіла прадукцыі ў супастаўных цэнах на Br140,7 млрд, што на 22,5% перавышае ўзровень адпаведнага мінулагодняга перыяду. Спажывецкіх тавараў выпушчана ў фактычных адпускных цэнах на Br134,9 млрд - на 20,9% больш. Запасы гатовай прадукцыі на 1 лістапада склалі 128,2% да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці, або каля Br17,3 млрд. За студзень-верасень экспартавана прадукцыі больш чым на $6,5 млн.
Прадпрыемства "Белвест" утворана ў 1988 годзе віцебскай фабрыкай "Чырвоны Кастрычнік" і нямецкай кампаніяй Salamander. З канца 2002 года "Белвест" - беларуска-расійскае прадпрыемства. Вырабляе абутак пераважна з натуральнай скуры для мужчын і жанчын, у асноўным паўсядзённы, хоць у апошнія гады значна пашырана калекцыя мадэльнага абутку, а з 2009 года - і калекцыя спартыўна-паўсядзённага абутку. Два разы на год "Белвест" абнаўляе асартымент больш чым на 50%. Прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна "Белегпрам".-0-