«Белвест» плануе ў 2011 годзе адкрыць 70 фірменных крам у Расіі

17 сакавіка, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. СААТ "Белвест" плануе ў 2011 годзе адкрыць каля 70 фірменных магазінаў у Расіі. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА эканаміст па маркетынгавых даследаваннях прадпрыемства Вольга Клімянкова. Магазіны з'явяцца ў 24 новых для прадпрыемства расійскіх гарадах, уключаючы такія буйныя, як Валгаград, Краснадар, Арэнбург. "Белвест" найбольш істотна пашырыць тавараправодзячую сетку на Урале і ў Паволжы. У 2010 годзе прадпрыемства адкрыла больш за 30 фірменных магазінаў у 28 гарадах РФ. Такім чынам, у Расіі цяпер функцыянуе 72 магазіны "Белвеста" больш чым у 50 гарадах. Яны размешчаны ў асноўным у Цэнтральнай федэральнай акрузе. Першыя фірменныя магазіны прадпрыемства ў Расіі з'явіліся ў 90-х гадах. Найбольш актыўна тавараправодзячая сетка развіваецца апошнія два гады. У паўночных рэгіёнах РФ вялікім попытам карыстаецца абутак класічнага пашыву, а ў паўднёвых - больш дэмакратычнага крою, адзначыла Вольга Клімянкова. У "Белвеста" ёсць таксама восем фірменных магазінаў у Латвіі. У Беларусі ў прадпрыемства іх налічваецца 28. У бягучым годзе плануецца адкрыць пяць (у Пінску, Салігорску, Жлобіне, Бабруйску і Баранавічах). У 2010 годзе адкрыты па адным магазіне ў Брэсце, Гомелі і Мазыры, а ў сакавіку 2011-га - адзін у Магілёве. У 2011-2015 гадах у пашырэнне і мадэрнізацыю вытворчасці прадпрыемства, развіццё ўласнай тавараправодзячай сеткі будзе ўкладзена больш Br20 млрд. На ўнутраны рынак у мінулым годзе "Белвест" паставіў больш за 800 тыс. пар абутку, пры гэтым каля 50% - у фірменную гандлёвую сетку. У рэспубліцы была рэалізавана прыкладна палова выпушчанага прадпрыемствам абутку. Прадпрыемства "Белвест" утворана ў 1988 годзе віцебскай фабрыкай "Чырвоны Кастрычнік" і нямецкай кампаніяй Salamander. З канца 2002 года "Белвест" - беларуска-расійскае прадпрыемства. Вырабляе абутак пераважна з натуральнай скуры для мужчын і жанчын, у асноўным паўсядзённы, хоць у апошнія гады значна пашырана калекцыя мадэльнага абутку, а з 2009 года і спартыўна-паўсядзённага.-0-