«Белвест» сертыфікаваў сістэму менеджменту якасці па стандарце ISO 9001 новай версіі 2009 года

9 лістапада, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. СТАА "Белвест" сертыфікавала сістэму менеджменту якасці на адпаведнасць стандарту СТБ ISO 9001 новай версіі 2009 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. Да гэтага на віцебскім прадпрыемстве дзейнічаў стандарт СТБ ISO 9001-2001. У бягучым годзе "Белвест" мог рэсертыфікаваць сістэму на адпаведнасць дзеючаму стандарту, але вырашыў укараніць новы. "Стандарт Беларусі ISO 9001-2009 некалькі адрозніваецца ад папярэдняга, хоць і не моцна", - адзначылі на прадпрыемстве. Дзякуючы ўкараненню новай версіі стандарту "Белвест" будзе больш актыўна праводзіць работу з пакупнікамі з мэтай высветліць, наколькі іх задавольвае па якасці, дызайне і іншых параметрах абутак віцебскага вытворцы. Пакупнікоў таксама прыцягнуць да стварэння новых калекцый абутку, для чаго "Белвест" ініцыяваў інтэрактыўныя зносіны праз Інтэрнэт. На адрас прадпрыемства прыходзяць розныя рэкамендацыі, пажаданні адносна змяненняў асартыменту абутку. Напрыклад, "Белвест" папрасілі аднавіць выпуск адной з мадэляў 2003 года, пашырыць асартымент абутку такіх памераў, як маленькія - 34-35 і вялікія - 42-43, і поўнаты. "Прапановы спажыўцоў будуць разгледжаны і па магчымасці ўлічаны пры выпуску новых калекцый абутку", - сказалі на "Белвесте". Па дадзеных канцэрна "Белегпрам", у цяперашні час сістэмы якасці па ISO 9000 сертыфікаваны ў 74 арганізацыях галіны. Прадпрыемства "Белвест" утворана ў 1988 годзе віцебскай фабрыкай "Чырвоны Кастрычнік" і нямецкай кампаніяй Salamander. З канца 2002 года "Белвест" - беларуска-расійскае прадпрыемства. Яно вырабляе абутак пераважна з натуральнай скуры. Асноўную частку калекцый прадпрыемства складае зручны паўсядзённы абутак для мужчын і жанчын. У апошнія гады значна пашырана калекцыя мадэльнага абутку, а з 2009 года - і калекцыя спартыўна-паўсядзённага абутку. Два разы на год "Белвест" абнаўляе асартымент больш чым на 50%. -0-