«Белвест» у 2011 годзе мае намер рэалізаваць 2,2 млн. пар абутку

3 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. СААТ "Белвест" у 2011 годзе мае намер павялічыць рэалізацыю абутку амаль на 700 тыс. пар і давесці продажы да 2,2 млн. пар, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі прадпрыемства. У мінулым годзе прадпрыемства рэалізавала 1,5 млн. пар абутку пры рэнтабельнасці продажаў звыш 25%. На думку спецыялістаў, гэтаму ў значнай ступені спрыяў рост якасці выпускаемай прадукцыі, рэгулярнае абнаўленне мадэльнага шэрагу, а таксама развіццё тавараправоднай сеткі. У цяперашні час "Белвест" мае 28 фірменных магазінаў у Беларусі і 73 - у Расійскай Федэрацыі ў больш чым 50 гарадах. У "Белвеста" ёсць таксама 7 фірменных магазінаў у Латвіі. У бягучым годзе прадпрыемства працягне развіваць фірменную гандлёвую сетку і збіраецца адкрыць у Беларусі і за яе межамі каля 70 гандлёвых аб'ектаў. Прадпрыемства "Белвест" утворана ў 1988 годзе віцебскай фабрыкай "Чырвоны Кастрычнік" і нямецкай кампаніяй Salamander. З канца 2002 года "Белвест" - беларуска-расійскае прадпрыемства. Вырабляе абутак пераважна з натуральнай скуры для мужчын і жанчын, у асноўным паўсядзённы, хоць у апошнія гады значна пашырана калекцыя мадэльнага абутку, а з 2009 года - і калекцыя спартыўна-паўсядзённага абутку. Два разы на год "Белвест" абнаўляе асартымент больш чым на 50%. Палова выпускаемых аб'ёмаў абутку рэалізуецца за мяжой. Прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна "Беллегпрам".-0-