"БелВітуніфарм" адкрыла фасовачна-пакавальную вытворчасць лекаў
2 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "БелВітуніфарм" прыступіла да фасоўкі лекавых сродкаў, тым самым завяршыўшы першы этап рэалізацыі бізнес-плана па стварэнні ў Віцебску хіміка-фармацэўтычнай вытворчасці - стварэнне фасовачна-ўпаковачнага ўчастка. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў дырэктар прадпрыемства Алег Меркушаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Першым прэпаратам "БелВітуніфарма" стаў аксімал (meloxicam) - несцероідны супрацьзапаленчы сродак. З пачатку снежня выпушчана прадукцыі на Br450 млн., рэалізавана - на Вr250 млн. Па словах Алега Меркушава, дагаворы на пастаўкі гэтага лекавага сродку ў аптэчную сетку рэспублікі заключаны, таму праблем з яго рэалізацыяй не будзе.
Сучасная лінія па фасоўцы і ўпакоўцы лекавых прэпаратаў цалкам камп'ютарызавана і дазваляе фасоўваць розныя формы цвёрдых лекавых сродкаў, пры гэтым час пераналадкі на новы фармат не перавышае 20 хвілін. Максімальная прадукцыйнасць лініі складае да 400 блістэраў (першасных упаковак ад 5 да 10 таблетак) у хвіліну, а прымяняемая тэхналогія мінімізуе адходы паковачных матэрыялаў. Выхад лініі на вытворчую магутнасць дазволіць прадпрыемству асвоіць выпуск 13 найменняў прэпаратаў, а ў перспектыве давесці гэту колькасць да 50 найменняў, з якіх 48 прэпаратаў плануецца выпускаць у таблетаванай форме, астатнія - у жацінавых капсулах. У асноўным гэта будуць супрацьзапаленчыя, антыбактэрыяльныя прэпараты, у тым ліку прызначаныя для лячэння хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы і стрававання. Партнёрам віцебскага прадпрыемства выступае іарданскае фармацэўтычнае прадпрыемства JPM.
Другім этапам рэалізацыі бізнес-плана стане стварэнне вытворчасці лекавых прэпаратаў. Тэндэр выйграла чэшская інжынірынгавая фірма Favea, якая спецыялізуецца на будаўніцтве "пад ключ" чыстых памяшканняў для фармацэўтычнай і медыцынскай прамысловасці. У межах ажыццяўлення работ па кантракце плануецца распрацоўка праектнай дакументацыі для правядзення рэканструкцыі наяўных плошчаў прадпрыемства і арганізацыі імпартазамяшчальнай вытворчасці гатовых лекавых прэпаратаў. Гаворка ідзе пра цэх таблетак і капсул, мазевую вытворчасць, выпуск стэрыльных прэпаратаў у флаконах і ампулах. Новая фармвытворчасць будзе пабудавана ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі GMP і аснашчана найноўшымі тэхналогіямі для выпуску якасных, даступных па цане лекаў, канкурэнтаздольных не толькі на беларускім, але і на міжнародным рынку.
Як паведамлялася раней, агульная сума кантракта складае 340 тыс. еўра. Стварэнне фармацэўтычнага комплексу плануецца ажыццявіць за кошт статутнага капіталу прадпрыемства, прыцягнення замежных інвестыцый і крэдытных рэсурсаў чэшскіх банкаў.
Перад "БелВітуніфарм" пастаўлены амбіцыйныя задачы - да 2017 года рэалізаваць лекавых прэпаратаў на 80 млн. еўра. Як лічыць Алег Меркушаў, гэта выканальна, бо сертыфікацыя прадпрыемства ў адпаведнасці з патрабаваннямі GMP адкрывае шырокія магчымасці для экспарту прадукцыі на рынкі Расіі і Казахстана.
РУПП "БелВітуніфарм" створана ў кастрычніку 2008 года для рэалізацыі праекта па арганізацыі хіміка-фармацэўтычнай вытворчасці ў Віцебску.-0-